Слова маюць экспанаты

З другой паловы 1940-х гадоў Івана Мележа неадступна хвалявала задума стварыць вялікі раман пра роднае Палессе, якое ў яго свядомасці атаясамлівалася з усёй Радзімай, з беларускім народам. «Хочацца, каб, чытаючы маю кнігу, вы адчулі, што я не мог не напісаць яе. …Я хацеў выканаць свой абавязак перад бацькоўскай зямлёй, перад роднымі людзьмі; яна невыпадкова пачынаецца прысвячэннем – “Бацьку, маці, бацькоўскай зямлі”» (Іван Мележ «Жыццёвы я клопаты»). Доўгі час Іван Мележ не мог вызначыцца з назвай будучага рамана. Калі ён прынёс рукапіс у часопіс «Полымя», то на асобным лісце мелася аж пятнаццаць варыянтаў загалоўка. Пісьменніка найбольш прываблівалі дзве назвы: «Людзі на балоце» і «Туманы над багнай». Урэшце, перад тым, як здаць нумар у набор, раман назвалі «Туманы над багнай»… Але, як згадваў пісьменнік Барыс Сачанка, у апошні момант з адпачынку вярнуўся супрацоўнік рэдакцыі Алесь Рылько. Яго адразу прызначылі дзяжурыць па нумары. Прачытаўшы карэктуру, Рылько засумняваўся: «Даволі змрочна ўсё гэта. Назва “Туманы над багнай” прыгнятае. Тут святло павінна быць, а не туманы…» Мележ згадзіўся, дадаўшы, што назва «Людзі на балоце» яму больш па душы: «Хай ідзе ў часопісе. Калі што – потым, можа, памяняю, як буду выдаваць асобнай кніжкай…» Пацвярджае гэты факт выдавецкі дагавор № 8117 ад 30 жніўня 1961 года выдавецтва «Советский писатель» на раман Івана Мележа на русскай мове «Туманы над топью», які перадала ў Літаратурны музей пісьменнікаў Гомельшчыны дачка Ларыса Іванаўна Мележ.

Поделиться:

Читайте также: