Слова маюць экспанаты
103 гады споўнілася з часу, калі нарадзіўся выдатны пісьменнік Іван Пятровіч Шамякін, якому прысвечана адна з экспазіцый Літаратурнага музея пісьменнікаў Гомельшчыны абласной бібліятэкі.
Яго кнігі выходзілі мільённымі тыражамі, заваёўваючы чытачоў інтрыгуючымі сюжэтамі і вострымі жыццёвымі тэмамі, пераўтвараліся ў сцэнарыі кінафільмаў і тэатральных пастановак. Ён стаў не толькі народным пісьменнікам Беларусі, атрымаўшы гэтае ганаровае званне ў 1972 г., але і па праўдзе класікам нацыянальнай літаратуры ХХ ст. яшчэ пры жыцці.
Творы Шамякіна прайшлі выпрабанне часам і не згубілі сваёй актуальнасці і свайго чытача.
Экспазіцыя І. П. Шамякіна знаёміць з жыццём і дзейнасцю творцы і паказвае галоўныя вынікі працы – яго кнігі. А кожная кніга ў жыцці пісьменніка – гэта вяха ў яго творчай біяграфіі, кожны аўтограф – гэта старонка асабістага жыцця, пасведчанне аб грамадскай дзейнасці, сустрэчах з чытачамі.
Напрыклад, запіс на тытульным лісце рамана «Крыніцы» «Чытачам і супрацоўнікам Гомельскай абласной бібліятэкі імя Леніна ад аўтара. Іван Шамякін. 18 чэрвеня 1964 г. г. Гомель», сведчыць аб тым, што Іван Пятровіч у гэты час быў на сваёй малой радзіме, наведваў Гомель і прымаў удзел у сустрэчы з чытачамі абласной бібліятэкі. Дарэчы, раман быў выдадзены ў Дзяржаўным выдавецтве БССР рэдакцыяй мастацкай літаратуры ў 1957 г. тыражом 20 000 экз., і гэта быў першы экранізаваны твор І. Шамякіна. У 1964 г. на кінастудыі «Беларусьфільм» рэжысёр І. А. Шульман зняў мастацкі фільм «Криницы», прэм’ера якога адбылася 29 сакавіка 1965 г.