Слова маюць экспанаты

Напэўна, не знойдзеш сёння ў Беларусі чалавека, які б не ведаў імя Івана Паўлавіча Мележа – народнага пісьменніка БССР, лаўрэата Ленінскай прэміі, Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа, Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа.

Звыш трыццаці гадоў працаваў Іван Мележ у літаратуры. Творчую спадчыну пісьменніка складаюць раманы, апавяданні, навелы, крытычныя працы, дзённікі, п’есы. Пісьменнік атрымаў шырокую вядомасць як тонкі знаўца чалавечай душы, мастак эпічнага складу.

Творчасць Івана Мележа вывучаюць у школах, у сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах. На кнігах пісьменніка вырасла не адно пакаленне. Сваімі творамі Іван Паўлавіч праславіў сціплы куток Палескай зямлі, дзе нарадзіўся. Але творчасць Мележа мае не толькі рэгіянальнае значэнне, яна мае значэнне нацыянальнае і агульначалавечае. Грамадства і ўлада высока адзначылі творчыя дасягненні Івана Мележа: пісьменнік быў узнагароджаны двумя ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнамі Чырвонай Зоркі і «Знак Пашаны», медалямі.

У памяць аб нашым славутым земляку ў 1980 г. Саюзам пісьменнікаў БССР заснавана літаратурная прэмія імя Івана Мележа.

У гонар Івана Мележа названы вуліцы ў Мінску, Гомелі, Хойніках, Лельчыцах. Яго імя носіць гарадская бібліятэка № 2 у Гомелі, Беларуска-славянская гімназія № 36 у Гомелі, дзе штогод праходзяцца Мележаўскія чытанні. Імя Івана Паўлавіча Мележа прысвоена Мазырскаму драматычнаму тэатру.

У Мінску на доме № 7 па вуліцы Янкі Купалы, дзе жыў Мележ, устаноўлена мемарыяльная дошка.

13 лютага на радзіме пісьменніка ў вёсцы Глінішчы адкрыты прысвечаны яму музей і ўстаноўлены бюст пісьменніка.

У Літаратурным музеі пісьменнікаў Гомельшчыны захоўваецца ўнікальны фотаздымак, на якім адлюстраваны момант урачыстага адкрыцця музея ў вёсцы Глінішча. На мітынгу выступае зямляк Івана Мележа, беларускі пісьменнік, перакладчык, ураджэнец вёскі Вялікі Бор Хойніцкага раёна Барыс Сачанка. Дарэчы, фотаздымак падаравала бібліятэцы беларуская пісьменніца, дачка Барыса Сачанкі Святлана Явар.

Поделиться:

Читайте также: