Маршрутамі памяці: Героі Вялікай Перамогі

Лістапад

3 лістапада нарадзіўся Пачтароў Цімафей Аляксеевіч (3.11.1913, в. Каласы Рагачоўскага раёна – 18.09.1992). Герой Савецкага Саюза (1945). Удзельнік савецка-фінляндскай вайны, абароны Ленінграда, баёў з Японіяй. Вызначыўся ў час высадкі дэсанта на востраў Шумшу. Узнагароджаны ордэнам Леніна, ордэнам Чырвонага Сцяга, ордэнамі Айчыннай вайны 1 і 2 ступеняў, ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі. Яго імем названы мыс на востраве Шумшу. У Рагачове на Алеі Герояў яму ўстаноўлены памятны знак.

11 лістапада нарадзіўся Жгіроў Піліп Ерафеевіч (11.11.1911, в. Гута Рагачоўскага раёна – 1998). Генерал-маёр, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Герой Савецкага Саюза (1944). Узнагароджаны ордэнам Леніна і медалём «Залатая Зорка», 3 ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені, ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі. Памятныя знакі ўстаноўлены ў Рагачове на Алеі Герояў у Піянерскім парку, у Магілёве на Алеі Славы і помнік на магіле ў Санкт-Пецярбургу.

15 лістапада нарадзіўся Хадановіч Леў Сяргеевіч (15.11.1923, в. Струмень Кармянскага раёна – 30.07.2007). Поўны кавалер ордэна Славы. Вызначыўся падчас аперацыі «Баграціён» і ў баях на тэрыторыі Польшчы. Удзельнік Парадаў Перамогі 1945, 1985 и 1990 гадоў. Жыў у Пінску Брэсцкай вобласці.

16 лістапада нарадзіўся Аднавочка Раман Сямёнавіч (16.11.1918, в. Івакі, Добрушскага раёна – 4.03.1960). Поўны кавалер ордэна Славы. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 1 ступені, ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі. У 1953 г. быў пазбаўлены ўсіх званняў і ўзнагарод.
17 лістапада нарадзіўся Катунін Ілья Барысавіч (17.11.1908, г. Гомель – 23.04.1944). Лётчык, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Герой Савецкага Саюза (1944). Палаючай машынай тараніў варожы транспарт і патапіў яго. Узнагароджаны медалём «Залатая Зорка», ордэнам Леніна, ордэнам Чырвонага Сцяга. Імем І.Б. Катуніна названы пасёлак у Архангельскай вобласці, вуліца ў Гомелі, на будынку Гомельскага станкабудаўнічага завода імя С. М. Кірава, дзе ён працаваў, устаноўлена мемарыяльная дошка. Яго імя навечна занесена ў спісы рабочых станкабудаўнічага завода. У памяць аб ім у 1978 г. Белпошта выпусціла канверт.
26 лістапада нарадзіўся Басянкоў Пётр Харытонавіч (26.11.1908, в. Вылева Добрушскага раёна – 20.06.1969). Герой Савецкага Саюза (1945). Удзельнік савецка-фінляндскай вайны (1939 – 1940), Вялікай Айчыннай вайны, удзельнік Сталінградскай і Курскай бітваў, вызвалення Беларусі. Яго імем названы вуліцы ў Гомелі і Добрушы; у Касцюкоўцы, на доме, дзе ён жыў, устаноўлена мемарыяльная дошка. Узнагароджаны медалём «Залатая Зорка», ордэнам Леніна, ордэнамі Айчыннай вайны 1 і 2 ступеняў, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, медалямі.