Творчая сустрэча

18 ліпеня абласную бібліятэку наведалі падлеткі з другой лагернай змены аздараўленчага лагера «Курсан-ТЫ». Гэты ваенна-патрыятычны праект ажыццяўляецца на працягу апошніх некалькіх гадоў сумеснымі намаганнямі мясцовых органаў улады, праваахоўных структур і грамадскімі арганізацыямі Гомельшчыны.  

Размову з падлеткамі, якія стаяць на ўліку ў камісіях па справах непаўналетніх, вёў Уладзімір Гаўрыловіч, які ўзначальвае Гомельскае абласное аддзяленне грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі».

Літаратар найперш распавёў пра сацыяльна-культурны стан рэгіёна і краіны, адзначыўшы, што цікавасць да роднай культуры, літаратуры і мовы на Беларусі з кожным годам узрастае, асабліва сярод моладзі.

Пісьменнік таксама звярнуў увагу падлеткаў, якім ужо ад 14 да 16 гадоў, каб ўважліва ставіліся да спадчыны, захоўвалі гісторыю свайго роду.

 «Быць беларусам – гэта годна і пачэсна, нам ёсць чым і кім ганарыцца. Нельга забывацца пра нашага першадрукара Ф.Скарыну (сёлета 500-годдзе беларускага кнігадрукавання), аб культурных дзеячах краіны, такіх як Я.Купала і Я.Колас, 135-годдзе якіх шырока адзначае Беларусь, у тым ліку і сваіх землякоў, якія ўславілі Гомельшчыну, – народных пісьменнікаў Беларусі Івана Мележа і Івана Шамякіна, Андрэя Макаёнка і Івана Навуменкі…»

Пісьменнік не пакінуў за ўвагай і ўласную творчасць, прывёў некалькі прыкладаў з апавяданняў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне, з толькі што напісанага рамана «Палешукі».

Затым супрацоўнікі бібліятэкі правялі экскурсію, падчас якой падлеткі атрымалі нямала цікавага аб шматлікіх формах дзейнасці аддзелаў, Музея рэдкай кнігі, бібліятэчным тэатральным калектыве «Гракі»…

Па словах падлеткаў, пачутае ад пісьменніка і ўбачанае ў бібліятэцы было для іх карысным, яны шчыра падзякавалі арганізатарам за такое мерапрыемства.

 

Поделиться:

Читайте также: