Уладзімір Гаўрыловіч


Г
ОРАЧА І САРДЭЧНА ВІНШУЕМ са слаўным 55-годдзем заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь УЛАДЗІМІРА ГАЎРЫЛОВІЧА, старшыню Гомельскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі», члена Праўлення, Прэзідыума Саюза пісьменнікаў Беларусі, Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы, сакратара па Рэспубліцы Беларусь Міжнароднага саюза пісьменнікаў і майстроў мастацтваў.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ўручае ўзнагароду Уладзіміру Гаўрыловічу.

У Беларусі і за яе межамі Уладзімір Мікалаевіч добра вядомы як актыўны грамадскі дзеяч, заснавальнік і кіраўнік Міжнароднага літаратурнага фестывалю-свята «Літаратурныя дажынкі», каардынатар руху па збліжэнні славянскіх літаратараў «Берагі дружбы».

Сярод шматлікіх узнагарод Уладзіміра Гаўрыловіча – тры дзяржаўныя медалі: за педагагічную, грамадскую і творчую дзейнасць, у тым ліку – медаль Францыска Скарыны.

Віншуем Уладзіміра Мікалаевіча і з нядаўна ўручанай Усерасійскай прэміяй Ф. І. Цютчава «Рускі шлях». Упершыню за шматгадовую дзейнасць па папулярызацыі класічнай літаратуры такой высокай узнагароды за ўмацаванне дружбы і адзінства славянскіх народаў, стварэнне твораў, якія атрымалі высокае грамадскае прызнанне ў Расійскай Федэрацыі, удастоены этнічны беларус – вядомы пісьменнік.

Міжнародны фестываль «Славянскія літаратурныя дажынкі». Урачыстае адкрыццё.

Сімвалічную свячу запальваюць Леанід Север (Расія), Уладзімір Гаўрыловіч (Беларусь) і Анатоль Міроненка (Украіна).

Уладзімір Гаўрыловіч і Дзяніс Язерскі.

 

Малая радзіма Уладзіміра Гаўрыловіча – вёска Ветчын Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці, дзе ён нарадзіўся 30 жніўня 1967 года ў шматдзетнай сям’і.

Скончыў філалагічны факультэт, аддзяленне журналістыкі факультэта грамадскіх прафесій Мінскага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага. Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў роднай школе, дырэктарам Бяляеўскай сярэдняй школы Жыткавіцкага раёна, намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце СШ № 2 г. Жыткавічы.

Прыняты ў Беларускі саюз журналістаў. Узначальваў калектыў жыткавіцкай раённай газеты «Новае Палессе» (1997), быў галоўным рэдактарам газеты «Гомельскія ведамасці», уласным карэспандэнтам газеты Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі «Беларускі Час» па Гомельскай вобласці.

Уладзімір Гаўрыловіч вылучаецца нястомнай энергіяй, яго дзейнасць ахоплівае шырокі спектр сацыяльна значных праектаў.

У снежні 2005 года абраны старшынёй Гомельскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі». На гэтай пасадзе Уладзімір Мікалаевіч вырашае шматлікія арганізацыйныя пытанні мудра і творча, выкарыстоўваючы багаты жыццёвы вопыт.

Аўтар больш за 30 кніг прозы, публіцыстыкі, драматургіі. Піша на беларускай мове, асобныя яго творы перакладзены на рускую і ўкраінскую, нямецкую і англійскую мовы.

Друкуецца ў часопісах «Маладосць», «Полымя», «Нёман», «Беларуская думка», іншых выданнях, а таксама ў перыядычным друку Расіі, Украіны.

Працуе з людзьмі і піша для людзей.

Сюжэты для раманаў, аповесцяў, апавяданняў, публіцыстычных нарысаў не прыдуманыя, іх падказвае само жыццё, гістарычнае мінулае роднай сям’і, лёсы людскія, гераізм і мужнасць беларускага народа. Тэма Вялікай Айчыннай вайны – стрыжнёвая ў творчасці Уладзіміра Гаўрыловіча, адлюстроўвае яго грамадзянскую пазіцыю.

Перажытае, выверанае бедамі і нягодамі, – у аснове шчырага патрыятызму пісьменніка, яго сонечных пачуццяў да малой радзімы, беларускай прыроды, сардэчнага цяпла да маці, дзяцей, любові і вернасці. Жыццёвыя гісторыі суайчыннікаў хвалююць пісьменніка, а значыць – і чытача.

Уладзімір Гаўрыловіч – пераможца рэспубліканскага літаратурнага конкурсу на лепшы твор у галіне прозы за кнігу «Плата за каханне», лаўрэат абласной літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага, Расійскай літаратурнай прэміі памяці паэта Мікалая Мельнікава, многіх іншых міжнародных, рэспубліканскіх і абласных конкурсаў.

Аб разнастайнайсці палітры тэмаў і вобразаў твораў Уладзіміра Гаўрыловіча сведчаць назвы выдадзеных кніг: «Споднія яблыкі», «Дзе над горадам лунаюць буслы», «Глыбокія карані», «На варце – днём і ноччу», «На мяжы», «Плата за каханне», «Крокі па роднай зямлі», «Адкрый сваё сэрца», «Вяртанне», «Палешукі», «Агледзіны», «Цяпло маладзіка», «Анёлак мой, Анёлак», «Скажы, што кахаеш…» і шмат іншых.

У сваіх творах аўтар не толькі чуйна адлюстраваў надзённыя праблемы і спадзяванні сучасных палешукоў, але і – як краязнаўца – звяртаецца да летапісу мінулых дзесяцігоддзяў. Так, падзеі вядомага рамана Уладзіміра Гаўрыловіча «Забранае шчасце» адбываюцца на жыткавіцкім Палессі, каля легендарнага Князь-возера, у 30-я гады ХХ стагоддзя. Гэта быў час карэнных грамадскіх перамен, якія вялі да трагічнай гібелі нязгодных з рэвалюцыйнымі пераўтварэннямі, тых, хто не змог прыстасавацца да новага ладу жыцця…

Для Уладзіміра Гаўрыловіча не толькі 2022, але і кожны год Год гістарычнай памяці. Як кіраўнік абласной пісьменніцкай садружнасці ён лічыць: «Упэўнены, што любому грамадству не патрэбныя “іваны, якія не памятаюць сваяцтва…”, а думаючыя, духоўна багатыя, выхаваныя людзі, якія ведаюць сваю гісторыю, нацыянальную культуру. Перакананы: глыбока памыляюцца некаторыя суайчыннікі, што можна ў станаўленні сучаснага чалавека абысціся без літаратуры. Таму на сваім узроўні што магу, раблю для папулярызацыі чытання…»

Адміністрацыя, калектыў Гомельскай абласной бібліятэкі шчыра жадаюць Вам, УЛАДЗІМІР МІКАЛАЕВІЧ, моцнага здароўя, нязгаснай жыццёвай энергіі, творчых здзяйсненняў, сямейнага шчасця, поспехаў ва ўсіх задумах, выдання новых кніг!

Уладзіміру Гаўрылавічу прысвоена званне «Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь»

Прапануем таксама пазнаёміцца з адказамі Уладзіміра Гаўрыловіча на пытанні шамтлікіх чытачоў яго твораў у межах культурна-інфармацыйнага праекта Гомельскай абласной бібліятэкі «Гомель у асобах» (2021).

 

Поделиться:

Читайте также: