Афіша з аўтографамі акцёраў па аднайменнай п’есе Андрэя Макаёнка «Трыбунал»
У 2020 годзе спаўняецца 50 гадоў з дня першай публікацыі трагікамедыі Андрэя Ягоравіча Макаёнка «Трыбунал».
Андрэй Ягоравіч Макаёнак – народны пісьменнік Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы, ураджэнец в. Борхаў Рагачоўскага раёна.
У Мемарыяльнай зале Андрэя Макаёнка, якая створана ў Гомельскай абласной бібліятэцы, захоўваецца першы варыянт рукапісу п’есы «Трыбунал». На першай старонцы пазначана дата: «6.IV–1969 г., Ждановічы», на апошняй – «8.IV–1969 г.». Упершыню п’еса была надрукавана ў газеце «Звязда» ў верасні 1970, а потым – у часопісе «Полымя» (1970, № 10).
У творчай біяграфіі Андрэя Макаёнка п’еса «Трыбунал» займае асаблівае месца. Для яго Вялікая Айчынная вайна – перажытая трагедыя. Фашысты забілі бацьку, Ягора Сяргеевіча, за сувязь з партызанамі; партызанамі былі ягоныя брат з сястрой, ваяваў сам пісьменнік і быў цяжка паранены. 13 аскепкаў нямецкай міны ўсё сваё жыццё ён пранасіў у абедзвюх ступнях ног.
Прэм’ера адбылася ў Маскоўскім тэатры на Малай Броннай. Спектакль быў пастаўлены рэжысёрам Аляксандрам Дунаевым сумесна з акцёрам і рэжысёрам-пастаноўшчыкам Львом Дуравым. Галоўную ролю Цярэшкі Калабка выконваў Леў Дураў. Крытыка аднесла спектакль да сур’ёзных творчых удач сезона.
Поспех прэм’ерных спектакляў у Маскве садзейнічаў павышэнню цікавасці да «Трыбунала». У выніку, за невялікі тэрмін п’есу ўключылі ў свой рэпертуар звыш 160 прафесійных і многія самадзейныя тэатры.
У архіве Андрэя Макаёнка захаваўся яшчэ адзін дакумент, які сведчыць, што за 4 гады (1977–1980 гг.) п’еса «Трыбунал» была пастаўлена 186 разоў.
На самых розных мовах народаў СССР – кіргізскай, узбекскай, украінскай, літоўскай, малдаўскай – разыгрывалася гісторыя пра беларускага селяніна Цярэшку Калабка і яго сям’ю.
Ставілася п’еса і на сцэнах тэатраў Усходняй Еўропы: ГДР, Чэхаславакіі, ФРГ, Югаславіі, Іспаніі, Балгарыі і інш.
Не страціла сваёй актуальнасці яна і зараз. П’есу ставяць як прафесійныя, так і самадзейныя тэатры. Так, у 2005 годзе, да 60-годдзя Вялікай Перамогі Купалаўскім тэатрам п’еса была прадстаўлена на тэматычным Міжнародным фестывалі «Этот День Победы» ў Маскве. Рэжысёрам выступіў Валерый Анісенка. Пазней з сумесным беларуска-рускім праектам – спектаклем «Трыбунал» – ён ўдзельнічаў у прэстыжным міжнародным тэатральным форуме «Залаты Віцязь».
Прапануем вашай увазе тэатральную афішу з аўтографамі акцёраў Рэспубліканскага тэатра драматургіі па аднайменнай п’есе Андрэя Макаёнка «Трыбунал», якая захоўваецца ў Мемарыяльнай зале драматурга ў Гомельскай абласной бібліятэцы. Пастаноўка адбылася ў 2005 годзе да 60-гадовага юбілею Вялікай Перамогі.