Давайце ўспомнім аб вайне

26 лістапада 2018 года адзначалася адна з самых знамянальных дат у гісторыі Гомеля – 75-годдзе  з дня вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Таму ў рамках праекта «Штрыхі да партрэта горада: гісторыя і сучаснасць», прысвечанага гісторыі Гомеля і Гомельскага рэгіёна і прымеркаванага да Года малой радзімы ў Рэспубліцы Беларусь, 28 лістапада ў аддзеле краязнаўства адбылося пасяджэнне «Давайце ўспомнім аб вайне: Гомель у гады Вялікай Айчыннай вайны».

Галоўнай тэмай размовы сталі славутыя старонкі гісторыі нашага горада ў ваенны перыяд. Бібліятэкары аддзела краязнаўства Таццяна Кутаргіна і Аліна Харлан распавялі пра сведчанні журналістаў і пісьменнікаў Васіля Гросмана, Аляксандра Салжаніцына, Юліі Друнінай, Яўгена Далматоўскага, якія прымалі ўдзел у ваенных дзеяннях на тэрыторыі Гомельшчыны. Удзельнікі пасяджэння пазнаёміліся з яркімі апісаннямі баявых дзеянняў, вайсковага побыту, грамадзянскага жыцця на былых акупаваных тэрыторыях.

Змястоўнае выступленне навуковага супрацоўніка гісторыка-краязнаўчага аддзела Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Вольгі Мікалаеўны Шурпач было прысвечана матэрыяльным сведчанням нямецка-фашысцкай акупацыі Гомеля ў 1941–1943 гады. Абапіраючыся на іх, была адноўлена дакладная карціна жыцця жыхароў акупаванага горада, паказаны ўсе зверствы захопнікаў і жах нацысцкага рэжыму на падпарадкаваных беларускіх землях.

Галоўны храніцель фондаў Музея гісторыі горада Гомеля Анастасія Яўгенаўна Ропат паведаміла, карыстуючыся архіўнымі дакументамі, пра афіцыйныя святы ў вызваленым ад захопнікаў Гомелі. Так, з пэўным здзіўленнем удзельнікі пасяджэння даведаліся пра тое, што нягледзячы на вельмі цяжкі стан амаль цалкам разбуранага вайной горада, уладамі Гомеля надавалася вялікая ўвага арганізацыі культурна-святочнага жыцця.

Гасцямі пасяджэння былі студэнты і выкладчыкі гістарычнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, супрацоўнікі і чытачы бібліятэкі. Яны прынялі актыўны ўдзел у дыскусіі.

Поделиться:

Читайте также: