Арбіта драматурга

12 лістапада спаўняецца 101 год з дня нараджэння народнага пісьменніка БССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа і Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы, драматурга Андрэя Ягоравіча МАКАЁНКА.

Андрэй Ягоравіч Макаёнак нарадзіўся 12 лістапада 1920 года ў вёсцы Борхаў Рагачоўскага раёна. Скончыў Журавіцкую сярэднюю школу. Удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне, атрымаў цяжкае раненне. Шпіталь. Няўмольны прысуд – ампутацыя абедзвюх ног. Стары фельчар, якому вельмі спадабаўся асілак-беларус, парушыў урачэбную этыку: сказаў юнаку, што ногі можна ўратаваць, бо гангрэны пакуль няма. Параіў: не давайся, настойвай. Андрэй не еў і не спаў: а раптам дадуць снатворнага і аднімуць ногі… Калі па яго прыйшлі, каб везці на аперацыю, выхапіў трафейны пісталет… Усе спалохаліся. І здзівіліся волі, духоўнай сіле франтавіка, стараннасці ў дасягненні мэты.

Друкавацца пачаў з 1946 года, з аднаактовак, якія вылучаліся актуальнасцю праблематыкі. У 1952 годзе на сцэне Купалаўскага тэатра рэжысёрам Канстанцінам Саннікавым была пастаўлена першая поўнафарматная п’еса «На досвітку» пра пасляваенную… Францыю. Аўтар імкнуўся паказаць жыццё французаў, якое добра не ведаў. П’еса была слабая, але супрацоўніцтва з купалаўцамі адкрыла яму «многія прафесійныя сакрэты сцэны».

Сапраўдную вядомасць прынесла сатырычная камедыя «Выбачайце, калі ласка» (1954). Менавіта гэта п’еса прынесла яе аўтару заслужаную славу і прызнанне не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі і стала пачаткам літаратурнага лёсу, праграмным творам, творчай візітоўкай Макаёнка-драматурга.

Андрэй Макаёнак здзейсніў сапраўдную рэвалюцыю ў жанры драматургіі: ён пісаў не толькі сатырычныя камедыі («Каб людзі не журыліся», «Лявоніха на арбіце», «Таблетку пад язык»), але і трагікамедыі («Трыбунал», «Зацюканы апостал», «Пагарэльцы», «Дыхайце эканомна», якая была апублікавана ўжо пасля смерці драматурга). Камедыю «Верачка» сам аўтар вызначыў так: «сентыментальны фельетон». Жанр камедыі «Кашмар» (другая назва – «Святая прастата») удакладніў: «небяспечная камедыя ў трох дзеях». Аўтарскае вызначэнне «Таблеткі пад язык» – «камедыя-рэпартаж», а трагікамедыі «Дыхайце эканомна» – «п’еса-прытча».

У яго п’есах ролі выконвалі такія знакамітыя акцёры, як Андрэй Міронаў, Анатолій Папанаў, Аляксандр Шырвінт, Зіновій Высакоўскі, Вера Васільева, Леў Дураў і іншыя.

Андрэй Макаёнак выдатна спалучаў пісьменніцкую працу з рэдактарскай: чатыры гады загадваў аддзелам прозы ў часопісе «Вожык» і дванаццаць гадоў быў галоўным рэдактарам часопіса «Нёман» і лічыў гэтую справу вельмі важнай для развіцця нацыянальнай культуры.

Пра шматграннасць таленту Андрэя Макаёнка сведчаць яго кінааповесць «Твой хлеб», сцэнарыі фільмаў «Шчасце трэба берагчы», «Кандрат Крапіва», «Рагаты бастыён», тэлефільм «Пасля кірмашу», пераклады твораў савецкіх драматургаў на беларускую мову (Аляксандра Карнейчука, Леаніда Зорына і інш.), артыкулы па праблемах драматургіі, тэатра і кіно.

Мастак яркага, непаўторнага таленту, ён творча развіў многія жанравыя традыцыі беларускай драматургіі, узняў узровень айчыннай камедыяграфіі да лепшых сусветных узораў. Яго п’есы – сапраўдная айчынная класiка, наша бясспрэчнае багацце. На працягу двух дзясяткаў гадоў яго п’есы ставiлi каля трохсот тэатраў Савецкага Саюза i амаль усе вядучыя тэатры краiн Усходняй Еўропы.

Андрэй Ягоравіч выношваў мару «напісаць раман. Лірычны». На жаль, мары гэтай не суджана было ажыццявіцца: ён раптоўна памёр 16 лістапада 1982 года.

Пра тое, якім быў гэты выдатны чалавек, яскрава сведчыць той факт, што вобраз Карнача ў «Атлантах і карыятыдах» Іван Шамякін «спісаў» са свайго найлепшага сябра – Андрэя Макаёнка. Гэта было сяброўства вялікае і кранальнае. Георгій Колас у кнізе «Аўтографы Андрэя Макаёнка» пісаў: «Самым блізкім сябрам быў Шамякін. Я аднойчы запытаўся:

– Што яднае вас? Такія розныя характары, натуры, тэмпераменты. І ў творчасці такія непадобныя…

Андрэй, задумаўшыся, падабрэў. Адразу адчувалася, што нават думаць пра свайго Івана яму вельмі хораша, прыемна.

– Ведаеш, мы можам з ім быць разам – колькі выпадае. І не толькі, не абавязкова – гаварыць. Ты паспрабуй з кім-небудзь прамаўчаць хоць з паўгадзіны, што ў вас атрымаецца? А мы адзін другому і не замінаем, і не надакучым. Добра нам…»

Пасля смерці сябра Іван Шамякін напісаў твор, які так і называецца: «Аповесць пра сябра» (іншая назва – «Тайна драмы»).

Шмат гадоў прайшло з таго часу, як яго не стала. Тым не менш, ён па-ранейшаму жыве. Жыве ў літаратуры. У тэатры. У нацыянальнай культуры. У нашых сэрцах. Жыве таму, што Макаёнак – гэта з’ява. З’ява не толькі ў жыцці нашай краіны, але і ўсяго свету. Імя народнага пісьменніка Андрэя Макаёнка прысвоена Гродзенскай цэнтральнай бібліятэцы і Журавіцкай сярэдняй школе Рагачоўскага раёна. Яго імем названа адна з галоўных вуліц нашай сталіцы, на якой ён жыў і на якой знаходзіцца Беларускае тэлебачанне, вуліца ў Гомелі.

У 2018 годзе ў Гомельскай абласной бібліятэцы была адкрыта Мемарыяльная зала народнага пісьменніка БССР Андрэя Макаёнка. Тут захоўваецца больш за 100 рукапісаў, пісьмы, фатаграфіі, асабістая бібліятэка, перапіска з Пятром Міронавічам Машэравым, ваенныя дзённікі драматурга, у якіх першы запіс зроблены 22 чэрвеня 1941 года.

Запрашаем усіх жадаючых гамяльчан і гасцей горада наведаць Мемарыяльную залу і бліжэй пазнаёміцца з жыццём і творчасцю знакамітага пісьменніка.

Для тых, хто не мае магчымасці гэта зрабіць, на сайце бібліятэкі змешчана паўнатэкставая база дадзеных «Андрэй Макаёнак – чалавек, драматург, майстра», створаная на базе матэрыялаў Мемарыяльнай залы.

Поделиться:

Читайте также: