Слухаць сэрцам
«Сярод сузор’яў, сярод зор Раіса Андрэеўна Баравікова нарадзілася 11 мая 1947 г. ў вёсцы Пешкі Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў сям’і служачага. У яе рана абудзіліся схільнасці да літаратурнай творчасці. Першы верш быў надрукаваны на старонках Бярозаўскай раённай газеты, калі будучая пісьменніца вучылася ў шостым класе. Яна актыўна наведвала школьны літаратурны гурток і ўжо ў школьныя гады прыйшла да думкі, што яе прызванне – літаратура. Пасля заканчэння школы Раіса Баравікова працавала ў рэдакцыі быхаўскай районнай газеты «Маяк Прыдняпроўя». У 1966 г. паступіла ў маскоўскі Літаратурны інстытут імя Максіма Горкага. Раіса Баравікова працавала рэдактарам на кінастудыі «Беларусьфільм» (1971–1972 гг.). У 1972–1977 гг. – карэспандэнт газеты «Літаратура і мастацтва», у 1983–1988 гг. – літкансультант рэдакцыі газеты «Чырвоная змена». Затым лёс звязвае з «Нашым словам» (1988–1990 гг.). З 1990 па 1996 г. узначальвае адзін з аддзелаў часопіса «Работніца і сялянка». У 1996 г. прызначана намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Алеся», а з 2000 г. – галоўным рэдактарам. У 2002–2011 гг. – галоўны рэдактар часопіса «Маладосць». У студэнцкія гады была напісана яе першая кніжка паэзіі «Рамонкавы бераг», якая выйшла ў свет у 1974 г. Паэтэса выдала цэлы шэраг паэтычных зборнікаў, сярод якіх самыя значныя «Каханне» (1987 г.) і «Люстэрка для самотнай» (1992 г.). Першая была адзначана ў 1988 г. Літаратурнай прэміяй Саюза пісьменнікаў Беларусі імя Аркадзя Куляшова, за другую, дзе была ўпершыню надрукавана гістарычная драма «Барбара Радзівіл», у 1994 г. Раіса Баравікова атрымала Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь імя Янкі Купалы. Кніга паэзіі «Сад на капялюшыку каханай» у 1998 г. была адзначана Спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне мастацкай літаратуры. За плённую літаратурную працу ў 2007 г. пісьменніца была ўзнагароджана медалём Францыска Скарыны. Вершы Раісы Баравіковай – гэта канкрэтная жыццёвая споведзь, адлюстраванне тых падзей і момантаў, якія прайшлі праз сэрца. У паэзіі пісьменніцы вядучае месца займаюць: тэма кахання, унутранны свет лірычнага героя з усімі яго супярэчнасцямі, імкненне да высокага духоўнага ідэалу, пошук сапраўдных маральных каштоўнасцей. Лірычная гераіня твораў – самааданная ў сваіх пачуццях, сумленная, шчырая, яна спавядаецца, смуткуе, жыве ў прадчуванні чагосці незвычайнага, цудоўнага, рамантычнага. Скразнымі вобразамі з’яўляюцца – вобраз птушкі як сімвала імгненнасці чалавечага жыцця; вобраз сонца, якое атаясамліваецца з гарманічным, шчаслівым суіснаваннем асобы і свету; вобраз саду як сімвал ідэальнага свету ўзаемаадносін чалавека і прыроды. Сваю творчасць пісьменніца не абмяжоўвае толькі адной паэзіяй. Яна актыўна працуе і ў іншых літаратурных жанрах – у прозе, драматургіі, мастацкім перакладзе і шмат піша для дзяцей. Пісьменніцай былі напісаны п’есы «Цётка Малання з Асаўца» (1984 г.); «Пятля часу» (1996 г.); поўны сцэнічны варыянт лірычнай драмы «Барбара Радзівіл» (2001 г.). Значнае месца літаратуразнаўцы адводзяць і аповесці «Кватарантка» (1980 г.), якая расказвае пра маладое пакаленне, пошукі свайго месца ў жыцці. У жанры псіхалагічнай фантастыкі былі напісаны зборнікі апавяданняў «Вячэра манекенаў» (2002 г.) і «Кава для дамавіка» (2013 г.), у якіх аўтар неадназначныя маральныя праблемы спрабуе вырашыць пры дапамозе стварэння альтэрнатыўных рэальнасцяў. Першая з кніжак для дзяцей «Галенчыны «Я», альбо Планета цікаўных хлопчыкаў» выйшла ў свет у 1990 г. тыражом 80 000 экзэмпляраў. За ёю пачалі выходзіць іншыя – «Казкі астранаўта» (2006 г.), «Казкі з гербарыя» (2008 г.), «Казачныя аповесці пра Міжпланетнага пажарніка і іншых мамурыкаў» (2010 г.). За кнігу «Казкі астранаўта» Раісе Баравіковай была прысуджана Рэспубліканская прэмія прафсаюзаў Рэспублікі Беларусь, а па аповесцях пра Міжпланетнага пажарніка быў здзейснены радыёспектакль. Фантастычныя гісторыі для юнага чытача Раісы Баравіковай – гэта своеасаблівы ідэальны свет, да якога хочацца імкнуцца. Адносіны герояў будуюцца на прынцыпах шчырага сяброўства і ўзаемадапамогі, дэманструючы, што толькі такім чынам можна выратавацца з бяды ці засцерагчыся ад небяспекі. Дададковай прывабнасці надаюць казкам вядомыя і пазнавальныя рэаліі, сярод якіх разгортваюцца падзеі. Гэта Мінск і сталічныя раёны, вуліцы, праспекты, крамы, гэта шматлікія згадкі розных славутых мясцін Беларусі – Белавежскай і Налібоцкай пушчаў, знакамітых рэк і азёр… Паралельна з асноўнымі сюжэтнымі падзеямі ў апавядальнай плыні дасціпна ўрэчаўляюцца займальныя гісторыі пра паходжанне тых ці іншых «зямных» раслін. Амаль незаўважна ў творах падкрэсліваецца карысць адукацыі, грунтоўных і рознагаліновых ведаў. |
||
Творы Р.А. Баравіковай |
||
![]() |
Баравікова, Р.А. Сад на капялюшыку каханай: лірыка / Р.А. Баравікова. – Мн.: Мастацкая літаратура, 1998. – 486 с. – («Залатая серыя». Паэзія XX стагоддзя) ББК 84(4БЕЛ)6 Паэтычны сад Раісы Баравіковай – гэта спроба стварэння ідэальнага свету ўзаемаадносін чалавека з прыродай, аднаўлення раю на зямлі, які ўспрымаецца не як проста чароўна-захапляльнае бытаванне, не дэкор быцця, а філасофія пошуку сродкаў вяртання ў райскі сад. Лірычная гераіня Раісы Баравіковай можа лётаць у аблоках, як гераіня народных балад, прасіць пёркі ў птушак і з імі ляцець да каханага, аднак не заўседы яна з радасцю пазбаўляецца свайго цялеснага пачатку, бо і душа, і ўсе цялесныя праўленні, увасобленныя ў танчэйшых зрухах, абумоўлены ў пэўнай ступені і матэрыяльна-фізічным становішчы. Яна бачыць пэўную небяспеку ў тым, калі хто-небудзь хоча адысці ад сацыяльнай нормы, як і ў тым, што зямное прыцягненне паступова змяншае лёгкасць палёту ў марах. |
|
Баравікова, Р.А. Дрэва для райскай птушкі: лірыка / Р.А. Баравікова. – Мн.: Мастацкая літаратура, 2007. – 270 с. – (Залатое пяро) ББК 84(4Беи)6-5 У паэтычным увасабленні Раісы Баравіковай вобраз «дрэва», пакладзены ў аснову назвы, паўстае як цэнтр сусвету, у якім скандэнсавана мудрасць стагоддзяў і дзе яе гераіня шукае прыстанішча для душы – краіну для «райскай птушкі». Паэтэса імкнецца раскрыць духоўны свет жанчыны, паказаць, што каханне – самае цудоўнае і трапяткое пачуццё, у якім чалавек выпрабоўваецца на вернасць, сумленнасць і высакароднасць. Кожны матыў, кожны вобраз кнігі адлюстроўвае самыя тонкія адценні закаханай душы. У садах яе лётаюць не толькі птушкі – песняры кахання, але і зязюлі – сімвал смутку, у далёкіх шатрах схавана птушка мудрасці – сава. Тон чароўнай песні птушкі можа пры тым выразна-кардынальна мяняцца і нагадваць пра спрадвечнаю зменлівасць жыцця. |
![]() |
|
![]() |
Баравікова, Р.А. Кава для дамавіка: апавяданні, аповесць / Р.А. Баравікова. – Мн.: Мастацкая літаратура, 2013. – 302 с. – (Беларуская проза XXI стагоддзя) ББК 84(4Беи)6 Творы гэтай кнігі напісаны ў плыні псіхалагічнай фантастыкі. Паралельны свет Раіса Баравікова вельмі арганічна ўпісвае ў свае творчыя фантазіі. Пісьменніца робіць рэальнасцю тое, пра што жанчына толькі фантазіруе, у што верыць, пра што марыць. Яна разгортвае падзеі ў паралелі сучаснаму часу і наяўнай прасторы. Прычым унутраны свет пераходзіць у знешнюю реальнасць – і яна становіцца фантастычнай. У выніку атрымліваюцца займальныя i вельмі праўдзівыя сюжэты на тэмы жыцця i смерці, кахання i расчараванняў. |
|
Баравікова, Р.А. Казачныя аповесці пра міжпланетнага Пажарніка і іншых мамурыкаў / ББК 84(4БЕИ)6 Галоўны герой – Мамурык з далёкай планеты Мамурыі атрымаў у творы Раісы Баравіковай назву «міжпланетны Пажарнік», выконвае ў космасе вельмі сур’ёзную і адказную работу па забеспячэнню бяспекі ў касмічнай прасторы. Прыгодам мамурыка прысвечана тры асобных аповесці. Падзеі, апісаныя ў гэтай кнізе, разгортваюцца не толькі на Мамурыі. У казачных аповесцях шмат прыгодаў мамурыкаў у добра знаемых мясцінах Зямлі. У сюжэтах гісторый пра міжпланетнага Пажарніка знайшлося адмысловае мастацкае ўвасабленне правіл этыкету, асноўных патрабаванняў да культуры паводзін. |
![]() |
|
![]() |
Баравікова, Р.А. Казкі астранаўта: касмічныя падарожжы беларусаў / Р.А. Баравікова. – Мн.: Літаратура і Мастацтва, 2011. – 176 с. ББК 84(4БЕИ)6 Прыгодніцкія казкі Раісы Баравіковай напісаны ад імя астранаўта-беларуса. Дзівосны, заманлівы і таемны свет далёкіх планет захапляе неверагоднымі прыгодамі герояў кнігі, цікавымі звесткамі пра асобныя зоркі і нават цэлыя сузор’і. Пісьменніца ўдала спалучае поўны нечаканасцей свет чужых планет з блізкім і родным светам нашай планеты, дзе самыя прыгожыя і добрыя пачуцці звернуты да Беларусі. |
|
Баравікова, Р.А. Казкі з гербарыя / Р.А. Баравікова. – Мн.: Литература и Искусство, 2008. – 144 с. ББК 84(4БЕИ)6 Кніга расказвае пра займальныя прыгоды фантастычна-казачнага героя Мупсякарнашжабулвака, які сам сабе называе вельмі коратка – Мупся. Ён – небачны чалавечаму воку, і яго можна ўявіць кім заўгодна, нават чараўніком, таму што Мупся здатны на неверагодныя ўчынкі, але галоўнае не гэта. Мупся ўмее расказваць казкі, якія ён сам называе казкамі з гербарыя. У іх праз захапляльныя казачныя сюжэты раскрываецца дзівосны свет акаляючага нас асяроддзя, тая раслінная разнастайнасць, што робіць нашу Зямлю незвычайна прывабнай і непаўторнай у сваім харастве. |
![]() |
|
Матэрыялы аб жыцці і творчасці Р.А. Баравіковай |
||
![]() |
Штэйнер, І.Ф. Самотная ў капелюшы на фоне сада / І.Ф. Штэйнер // Штэйнер, І.Ф. Ex promtu – ex propositu / І.Ф. Штэйнер. – Гомель: Сож, 2008. – С. 318–323 ББК 83.3(4Беи)6 У кнізе на шырокім фоне еўрапейскай філасофска-мастацкай традыцыі прасочана эвалюцыя беларускай паэзіі, акрамя класікаў беларускай літаратуры ў зборніку эсэ пададзены творчыя партрэты Раісы Баравіковай, Ізяслава Катлярова, Соф’і Шах, Віктара Шніпа. У эсэ «Самотная ў капелюшы на фоне сада» Іван Штэйнер ўвасобіў асноўныя архетыпы паэтычнага свету Раісы Баравіковай – сад, самота, элегантнасць, дождж. Праз адмысловы ракурс аўтарам паказана дваістая сутнасць вобраза яе лірычнай гераіні, тое што яна часта змагаецца за неспалучальнае – узнеслае і прыземнае, светлае і цемнае. Велічнае каханне выступае, як надзея і збаўленне з цянётаў надзённасці і марнасці быцця. |
|
Баравікова, Р.А. Шукаю сваю Беларусь / Р.А. Баравікова // З росных сцяжын: аўтабіяграфіі пісьменікаў Беларусі / уклад. М. Мінзер. – Мн.: Літаратура і Мастацтва, 2009. – С. 22–27 ББК 83.3(4БЕИ)6-8 У зборніку «З росных сцяжын» паміж успамін вядомых беларускіх пісьменікаў прадстаўлена аўтабіяграфія Раісы Баравіковай, якая распавядае пра мясціны, дзе нарадзілася, выхоўвалася і вучылася; пра жыццёвыя і працоўныя дарогі, на якіх сустрэлася багата добрых людзей і сяброў; пра літаратурныя сцежкі і шляхі, якія прывялі яе да зорных вяршыняў. |
![]() |
|
![]() |
Бельскі, А.І. Музыка ў паэтычным свеце Раісы Баравіковай / А.I. Бельскі // Галасы і вобразы: літаратурна-крытычныя артыкулы / А.I. Бельскі. – Мн.: Литература и Искусство, 2008. – С. 139–144 ББК 83.3(4БЕИ)6 Кніга «Галасы і вобразы» найперш скіроўвае да асэнсавання духоўных каштоўнасцей жыцця, родных вобразаў у іх сукупнасці, унікальнай прыроднай прасторы. Аб’ектам разгляду ў кнізе з’яўляецца творчасць не толькі класікаў, але і шматлікіх сучастных творцаў у тым ліку Раісы Баравіковай. Аўтар кнігі раскрывае майстэрства паэтэсы ў перадачы колераў і фарбаў навакольнага свету, выяўляе багацце зрокавых і слыхавых асацыяцый, засяроджвае ўвагу на арыгінальнай вобразнасці, сімволіцы, гукапісе, інтанацыйным ладзе вершаваных твораў, паказвае глубокую связь з жывапісам і музыкай. |
|
Спіс артыкулаў з перыядычных выданняў, прысвечаных Р.А. Баравіковай
|
||