Мова – хлеб душы і думак крылы на пасяджэнні літаб’яднання «Пралеска»

Развяжу вузельчык успамінаў,
І радок з-пад ручкі пацячэ.
М. Болсун

21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы, заснаваны, каб спрыяць моўнай разнастайнасці і шматмоўнасці.

Чарговае пасяджэнне літаратурнага аб’яднання «Пралеска» адбылося ў Гомельскай абласной бібліятэцы 8 лютага і было прысвечана менавіта гэтаму дню. Жаданым госцем пасяджэння стаў Міхась Болсун. Міхаіл Міхайлавіч нарадзіўся ў в. Балсуны Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці. Скончыў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны, аддзяленне журналістыкі Мінскай вышэйшай партыйнай школы. З 1965 г. – на журналісцкай працы. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Беларускага саюза журналістаў. Ганаровы грамадзянін Чачэрскага раёна. Беларуская мова паэта – цудоўная! У адным з сваіх вершаў ён вельмі вобразна кажа: «Мова – хлеб душы і думак крылы!»

Міхаіл Міхайлавіч, як сапраўдны настаўнік для пачынаючых літаратараў, паведаміў пра пісьменнікаў-юбіляраў Івана Шамякіна і Івана Мележа. Растлумачыў паэт і гісторыю беларускай мовы, пагаварыў пра Год беларускай жанчыны, пачытаў свае вершы, прысвечаныя Радзіме, маці, жанчынам.

Кіраўнік аб’яднання Наталля Нікіціна ў пачатку сустрэчы раздала ўсім аўтарам творчыя заданні па вершу Міхася Болсуна. Рыфмаваныя словы літаратары павінны былі пераўтварыць у вершаваныя радкі – бурымэ. У некаторых атрымаліся добрыя вершы, якія нават адзначыў і ганаровы госць пасяджэння.

Міхаіл Міхайлавіч паслухаў пралескаўцаў, якія выступалі хто са сваімі вершамі, хто з вершамі беларускіх класікаў.

Успомнілі на пасяджэнні і Юрыя Фатнева, дзень нараджэння якого адбудзецца 10 лютага і які нейкі час кіраваў «Пралескай».

Цёпла і ўтульна было на літаратурнай сустрэчы ад шчырасці ўсіх, хто прыйшоў, каб бліжэй дакрануцца да творчасці знакамітага паэта.

Дзякуем Міхаілу Міхайлавічу за цікавае і пазнавальнае выступленне перад «пралескаўцамі».

Да новых сустрэч на пасяджэнні літаратурнага аб’яднання «Пралеска»!

Поделиться:

Читайте также: