Францыск Скарына ў беларускім мастацтве

Францыск Скарына – самы вядомы навуковец і друкар XVI стагоддзя.

У сучаснай Беларусі яго лічаць адной з найбольш выдатных асоб у гісторыі чалавецтва, яго імя прысвоена універсітэту, медалі і ордэну. Помнікі Скарыне ўстаноўлены ў некалькіх беларускіх гарадах.

Францыск Лукіч Скарына нарадзіўся прыблізна ў 1490 годзе, быў сынам купца Лукі ці Лук’яна Скарыны.

Нарадзіўся будучы першадрукар у Полацку – старадаўнім рускім горадзе, які ўваходзіў тады ў склад Вялікага княства Літоўскага.

Першапачатковую адукацыю Скарына атрымаў у родным Полацку, у заснаваным неўзабаве пасля яго нараджэння кляштары бернардынцаў. Там ён, апроч іншага, вывучыў латынь. Пасля Скарына доўгі час вучыўся ў Кракаўскім універсітэце.

Сваю першую ўсходнеславянскую кнігу «Псалтыр» Францыск Скарына выдаў у 1517 годзе ў Празе. Яна лічыцца першай друкаванай кнігай на беларускай мове.

На працягу некалькіх гадоў пасля гэтага Скарына выдаў яшчэ 23 біблейскія кнігі. У 1520 годзе ён пераязджае ў Вільню і там працягвае сваю справу; адкрытая ім друкарня стала самай першай у Літве. Тут ён выдае «Малую падарожную кніжыцу» і «Апостал».

Францыск Скарына – вялікі грамадскі і культурны дзеяч свайго часу. Яго кнігі і сёння даносяць да нас ідэі гуманізму, маралі і ўнутранай свабоды кожнага чалавека.

Памёр Скарына, прыкладна ў 1551 годзе.

Помнік Францыску Скарыне – першы ў свеце манумент беларускаму першадрукару, узведзены ў 1974 годзе ў Полацку на пл. Ф. Скарыны. Стваральнікамі помніка выступілі А. Заспіцкі, А. Глебаў, І. Глебаў. Вышыня бронзавай фігуры – 5,5 м, а скульптуры з пастаментам – 12 м. Помнік Францыску Скарыне ў Полацку меркавалася паставіць яшчэ ў 1925 годзе. Месца для яго было выбрана на Замкавай гары на беразе Дзвіны. Помнік планавалася зрабіць з бронзы і ўсталяваць на двух гранітных каменях вясной 1926 года. Аднак працы па падрыхтоўцы помніка зацягнуліся і ў выніку ён тады так і не быў пастаўлены.
Помнік Францыску Скарыне каля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ўсталяваны ў 2005 годзе, але створаны гэты помнік быў раней. У сувязі з 500-годдзем з дня нараджэння Францыска Скарыны (1990 г.) у Мінску ў 1989 годзе быў аб’яўлены конкурс на лепшы праект помніка беларускаму першадрукару і асветніку, які планавалі ўсталяваць ля будынка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У конкурсе перамог беларускі скульптар Алесь Дранец. Помнік быў адліты ў бронзе да 1990 года, аднак яго не ўсталявалі там, дзе планавалі. Калі ў 2005 годзе ў Мінску была пабудавана Нацыянальная бібліятэка Беларусі, помнік было вырашана ўсталяваць каля яе. Скульптура Францыска Скарыны – шасціметровая бронзавая статуя вагой больш за пяць тон. У адной руцэ Скарына трымае кнігу, а другой благаслаўляе кнігадрукаванне. Архітэктары помніка – Міхаіл Вінаградаў і Віктар Крамарэнка.
У 1993 годзе помнік Францыску Скарыне быў усталяваны ў Лідзе, скульптар – Валяр’ян Янушкевіч. Часцей за ўсё Скарыну малююць з паднятай уверх рукой – жэстам, які ўвасабляе мудрасць, веды, сілу чалавечай думкі. Помнік Францыску Скарыне ў Лідзе таксама не стаў выключэннем. Варта адзначыць, што ў Лідзе гэта першы помнік Скарыне, сродкі на рэалізацыю праекта збіралі ўсім горадам. Адкрыццё манумента было прымеркавана да другой гадавіны святкавання незалежнасці Беларусі.
Помнік Францыску Скарыне ў Мінску быў усталяваны ў 1999 годзе. Аўтар помніка – беларускі скульптар Сяргей Адашкевіч. Помнік Скарыне ў дворыку БДУ – гэта падарунак мінскага грамадска-асветніцкага аб’яднання «Спадчына». Гэта першы помнік вялікаму беларускаму асветніку ў Мінску.
Помнік Францыску Скарыне ў Купалаўскім скверы (Мінск). Усталяваны ў 2005 годзе. Аўтар помніка — Лява Арцём, мінчук.
Графіці з выявай Францыска Скарыны на сцяне Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны. Аўтарам праекта з’яўляецца архітэктар, дызайнер і мастак Дзмітрый Казлюк. Праект прымеркаваны да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Плошча малюнка складае 64 квадратных метра.
Вялічка Леанід (г. Мазыр Гомельскай вобласці) «Скарына» 46х37 палатно/алей Леанід Вялічка – член Міжнароднага саюза пісьменнікаў і майстроў мастацтва, неаднаразовы ўдзельнік дзяржаўных, абласных і гарадкіх выстаў, плэнэраў «Рогачёвские плёсы» і іншых.
Абрамам Бразерам быў створаны скульптурны партрэт беларускага асветніка і першадрукара Ф. Скарыны (упершыню паказаны на I Усебеларускай мастацкай выставе ў 1925 г.). У аснову вобразу скульптар паклаў вядомы гравіраваны аўтапартрэт Скарыны, змешчаны першадрукаром у выдадзенай ім «Бібліі». А.М. Бразер. Францыск Скарына. Гіпс. 1925 г.
«Я, Францыск Скарына» – гісторыка-біяграфічны каляровы фільм пра Францыска Скарыну. Фільм зняты ў СССР, на кінастудыі «Беларусьфільм» у 1969 годзе. Выйшаў на экран 18 студзеня 1970 года. Рэжысёр Барыс Сцяпанаў. Аўтар сцэнарыя Мікола Садковіч. У галоўнай ролі Алег Янкоўскі. У іншых ралях – Николай Гринько, Гедиминас Карка, Гунта Виркава, Янис Грантиньш, Ростислав Янковский, Борис Гитин, Стефания Станюта. Узнагароджаны Ганаровым дыпломам журы «За плённую распрацоўку гістарычнай тэмы і маляўнічае вырашэнне» на 4-м СКФ (Мінск, 1970).
Ордэн Францыска Скарыны – беларуская дзяржаўная ўзнагарода, ордэн. Заснаваны ў 1995 годзе пастановай Вярхоўнага Савета як адна з найвышэйшых дзяржаўных узнагародаў Беларусі за асаблівыя заслугі ў справе нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння.
Медаль Францыска Скарыны – дзяржаўная ўзнагарода Беларусі, заснавана ў 1989 годзе. Медалём Францыска Скарыны ўзнагароджваюцца работнікі навукі, адукацыі і культуры за выдатныя дасягненні ў прафесійнай дзейнасці, значны асабісты ўклад у развіццё і множанне духоўнага і інтэлектуальнага патэнцыялу, культурнай спадчыны беларускага народа. Медалём могуць узнагароджвацца і замежныя грамадзяне. 
Юбілейная манета, СССР,1990 год
Паштовая марка Беларусі, выдадзена ў гонар заснавання Дня беларускага пісьменства і друку; на марцы адлюстраваны знак Скарыны (1995).
Паштовая марка Беларусі, выдадзена ў гонар 480-годдзя беларускага кнігадрукавання (1997).
Паштовая марка Беларусі, выдадзена ў гонар 480-годдзя беларускага кнігадрукавання (1997).
Паштовая марка Беларусі, выдадзена ў гонар 480-годдзя беларускага кнігадрукавання (1997).
Паштовая марка Беларусі са знакам Скарыны (2001)
Паштовы блок Беларусі, выдадзены ў гонар Францыска Скарыны (2015).
Паштовы блок Беларусі, выдадзены ў гонар 500-годдзя беларускага кнігадрукавання (2017).
Паштовы блок Беларусі, выдадзены ў гонар 500-годдзя беларускага кнігадрукавання (2017).
Спецыяльны паштовы штэмпель Беларусі, выдадзены ў гонар 500-годдзя беларускага кнігадрукавання (2017).
1 верасня 2017 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпусціла ў абарачэнне канверт з арыгінальнай маркай «Дзень беларускага пісьменства». Мастак Т. Дольская. Дызайн М. Віткоўскай.

Літаратура

Никифоров, П.
Алексей Константинович Глебов / Петр Петрович Никифоров. – Москва: советский художник, 1960. – 69 с.
ИСК 30226

Бойка, У.
Глебаў Аляксей канстанцінавіч / Уладзімір Бойка. – Мінск: Беларусь, 1974. – 47 с.
ИСК 422941

Беларуская савецкая скульптура: са збораў Дзяржаўнага мастацкага музея БССР : каталог. – Мінск: Беларусь, 1978. – 120 с.
ИСК 550473

Беларуская савецкая скульптура. – Мінск: Беларусь, 1973. – 175 с.
ИСК 374353

Кацэр, М.С.
Скульптура совецкай Беларусі / Міхаіл Сяргеевіч Кацэр. – Мінск: Выдавецтва Акадэміі навук БССР, 1957. – 69 с.: іл.
ИСК 21644

Гравюры Францыска Скарыны. – Мінск:  Беларусь, 1990. – 192 с.: іл.
ИСК 839703

Гравюры Францыска Скарыны. – Мінск: Беларусь, 1972. – 158 с.: іл.
ИСК 354584

Кацер, М.С.
Изобразительное искусство Белоруссии дооктябрьского периода: очерки. – Минск: Наука и техника, 1969. – 204 с.: ил.
ИСК 268787

Петерсон, Э.А.
Портретная скульптура советской Белоруссии. – Минск: Вышэйшая школа, 1982. – 111 с.
ИСК 641131

Поделиться:

Читайте также: