Залатыя старонкі беларускай класікі: Іван Шамякін
30 студзеня спаўняецца 101 год з дня нараджэння нашага знакамітага земляка, празаіка, драматурга, грамадскага дзеяча, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, народнага пісьменніка БССР, акадэміка Акадэміі навук Беларусі, Героя Сацыялістычнай Працы, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР, Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа, Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа, Дзяржаўнай прэміі БССР у галіне тэатральнага мастацтва, кінематаграфіі, радыё і тэлебачання Івана Пятровіча Шамякіна.
«Залатыя старонкі беларускай класікі: Іван Шамякін» – пад такой назвай прайшлі чарговыя заняткі ў Творчай лабараторыі Літаратурнага музея пісьменнікаў Гомельшчыны. У занятках прынялі ўдзел навучэнцы 9 класа сярэдняй школы № 59 г. Гомеля. Да іх увагі была прапанавана экскурсія па музейнай экспазіцыі, прысвечанай Івану Пятровічу Шамякіну, лекцыя з мультымедыйнай прэзентацыяй, віктарына па кінафільмах, якія зняты па творах пісьменніка. Сваімі ўспамінамі аб першай сустрэчы з Іванам Шамякіным падзялілася кіраўнік Школы маладога літаратара Ніна Нічыпараўна Шклярава. Выхаванка Школы Варвара Гарнак прачытала верш Ніны Шкляравай «Івану Шамякіну», а Вікторыя Лебедзева прачытала верш у прозе «Імгненнае дзіва».







