Беларусь у сэрцы маім…
У кожнага чалавека ёсць свая Радзіма – зямля, на якой ён нарадзіўся, дзе жылі яго бацькі. Радзіма – гэта залатыя палi з сінімі вочкамі васiлькоў, светлыя бярозавыя гаi, што звіняць ад птушыных спеваў, векавыя пушчы, дзе горда нясуць свае кроны алені. А над зялёнымі палямі і люстэркамі незлічоных азёр лунаюць белакрылыя буслы. “Зямля пад белымі крыламі” – так прыгожа называюць нашу краіну паэты.
15 студзеня адбыўся літаратурна-музычны вечар “Беларусь у сэрцы маім…”, прысвечаны 100-ддзю са дня заснавання Беларускай ССР. На свята ў бібліятэку прыйшлі навучэнцы, каб дакрануцца да старонак слаўнай гісторы і непаўторнай культуры нашай радзімы.
Вялікі і драматычны шлях амаль у 70 год прайшла Беларусь у саставе Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Рухаючыся наперад, беларускі народ паступова ўздымаў прамысловасць, сельскую гаспадарку, перамог у Вялікай Айчыйнай вайне, прымножыў дасягненні ў пасляваенныя гады, але ніколі не забываў свае звычаi i традыцыi, бараніў свае рэліквіі і духоўныя скарбы.
Апошнія дзесяцігоддзі існавання БССР былі вельмі плённымі. Імкліва развівалась радыё, кіно, тэатр, тэлебачанне, спорт. Атрымала шырокае прызнанне беларуская мастацкая літаратура. Творы пісьменнікаў Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Івана Шамякіна, Алеся Адамовіча хвалявалі чытачоў розных краін. На тэатральных падмостках з поспехам ішлі п’есы нашага земляка – драматурга Андрэя Макаёнка.
Нечаканы сюрпрыз падаравалі акцеры народнага аматарскага тэатра “Гракі”. Са слязамі на вачах госці святочнай праграмы слухалі пранікнённы маналог з кнігі С. Алексіевіч «У вайны не жаночы твар», а тэатралізаваныя мініяцюры па матывам п’ес А. Макаёнка “Лявоніха на арбіце” і Я.Купалы “Паўлінка” не пакінулі нікога абыякавым. Не дзіўна, смелая і прыгожая дзяўчына Паўлінка – гэта увасабленне самой Беларусі, якая не скараецца перад цяжкасцямі і змагаецца за сваё шчасце. Упрыгожылі вечар песні з рэпертуара знакамітых беларускіх ВІА “Песняры” і “Сябры”.
Беларуская дзяржава ўступіла ў новы этап свайго развіцця пасля распаду Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Сучасная Беларусь – пераемніца лепшых традыцый і дасягненняў Беларускай ССР.
Упэўнены, маладыя людзі яшчэ раз пераканаліся ў тым, што Беларусь – гэта не толькі край блакітных азёр, зялёных лясоў, але і мужных, таленавітых, працавітых людзей!
І пакуль мы паважаем сваіх продкаў і ведаем свае карані, мы будзем існаваць як народ, як нацыя.







