Беларусь: вядомая і невядомая

2 кастрычніка ў бібліятэцы прайшло інтэлектуальнае мерапрыемства «Свая гульня» для першакурснікаў гандлёва-эканамічнага каледжа, прысвечанае Беларусі. Дзеці з цікавасцю праверылі свае веды аб культуры, гісторыі і мове нашай краіны.

Гульня складалася з пяці займальных раўндаў. Народныя загадкі, звязаныя з беларускімі традыцыямі і прыродай, удзельнікі разгадвалі ў раўндзе «Загадкі». Этап «Псеўданімы» пазнаёміў навучэнцаў з літаратурнымі прозвішчамі вядомых беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. Правільна перавесці словы і выразы з беларускай мовы на рускую трэба было ў раўндзе «Пераклад». Наступны тур «Мова» быў прысвечаны асаблівасцям беларускай мовы, яе гісторыі і дыялектам. А раўнд «Архітэктура» прымусіў узгадаць знакамітыя помнікі дойлідства Беларусі – ад Мірскага і Нясвіжскага замкаў да сучасных пабудоў.

Навучэнцы падзяліліся на каманды, актыўна абмяркоўвалі пытанні і выбіралі катэгорыі. Атмасфера была азартнай і сяброўскай. Бібліятэка зноў пацвердзіла, што з’яўляецца не толькі месцам для чытання, але і цэнтрам цікавага і інтэлектуальнага развіцця моладзі. 

У рамках мерапрыемства для падлеткаў была праведзена экскурсія па бібліятэцы: хлопцы і дзяўчаты пазнаёміліся з інфармацыйнымі рэсурсамі, даведаліся аб правілах абслугоўвання і магчымасцях, якія адкрываюцца перад чытачамі. А ў завяршэнні сустрэчы ўсе прысутныя былі запісаны ў бібліятэку, атрымаўшы доступ да ўсіх яе рэсурсаў для вучобы і самаразвіцця.

Поделиться:

Читайте также: