ЗВАРОТ-ВІНШАВАННЕ СТАРШЫНІ ГОМЕЛЬСКАГА АБЛАСНОГА АДДЗЯЛЕННЯ САЮЗА ПІСЬМЕННІКАЎ БЕЛАРУСІ
УЛАДЗІМІРА ГАЎРЫЛОВІЧА

Дарагія сябры!

12 лістапада мы адзначаем 100-годдзе слыннага беларускага драматурга, народнага пісьменніка Беларусі Андрэя Ягоравіча Макаёнка.

Андрэй Макаёнак – гэта цэлая эпоха, пісьменнік вялікага грамадзянскага тэмпераменту, яго творчасць стала плённым здабыткам нацыянальнай беларускай літаратуры, п’есы атрымалі ўсеагульнае прызнанне і знайшлі сцэнічнае ўвасабленне як у Беларусі, так і за межамі нашай рэспублікі. Наватарскі характар творчасці Макаёнка дазволіў ёй выйсці за рамкі нацыянальнага значэння.

У асобе гэтага пісьменніка беларуская драматургія мае дастойнага паслядоўніка Янкі Купалы і Кандрата Крапівы. Таленавіты стваральнік п’ес («На досвітку», «Выбачайце калі ласка!», «Каб людзі не журыліся», «Лявоніха на арбіце», «Зацюканы апостал», «Таблетку пад язык», «Верачка», «Трыбунал» і іншых) – дасягнуў значных поспехаў у пастаноўцы і эстэтычным вырашэнні актуальных праблем сучаснасці.

Безумоўна, кожны з напісаных Макаёнкам драматургічных твораў, сцэнарыяў да мастацкіх фільмаў – вельмі актуальныя і цяпер, праз чатыры дзясяткі гадоў пасля смерці народнага пісьменніка. Таму што яго ўвага заўсёды была скіравана на вырашэнне агульнаграмадскіх, надзённых і самых важных сацыяльна-палітычных, маральна-этычных праблем, якія хвалявалі людзей у 60–80-я гады мінулага стагоддзя. І многія з гэтых праблем, на жаль, не зжыты, актуальныя ў ХХІ стагоддзі. Можа, таму яны і існуюць дагэтуль, бо мы, усе разам, беларусы, своечасова не прыслухоўваліся да разумных парад нашых класікаў? Можа, таму, што мы чытаем і глядзім зараз не тое, што нам – грамадству – прынясе карысць сёння і заўтра?

Нягледзячы ні на пандэмію, на іншыя праблемы, якія прыносіць сённяшні дзень, знакавая дата – 100-годдзе народнага пісьменніка А. Я. Макаёнка – годна адзначаецца на Гомельшчыне і ў краіне.

Так, на працягу лістапада ў кожнай бібліятэцы вобласці арганізаваны выставы «Талент чалавечнасці і дабрыні». Мы, літаратары Гомельшчыны, у верасні і ў ліспададзе правялі Дэкаду сучаснай літаратуры, прысвечаную 100-годдзю з дня нараджэння пісьменніка-земляка. На малой радзіме літаратара, у вёсцы Старыя Журавічы, на плошчы, дзе ўстаноўлены бюст пісьменніка-земляка, 12 лістапада пройдзе памятны мітынг у яго гонар. У фармаце анлайн у гэты дзень пройдзе рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Андрэй Макаёнак: асоба і час». Прыемна, што да 100-годдзя народнага пісьменніка Беларусі ў народным тэатры «Грачы» Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя У. І. Леніна пастаўлены міні-спектакль па ягоных творах. Шмат творчых акцый і падзей запланавалі правесці землякі пісьменніка – работнікі культуры Рагачоўскага раёна. У абласным цэнтры ў вэб-фармаце пройдуць і іншыя мерапрыемствы, прысвечаныя юбілею, удзел у якіх прыме кіраўніцтва і творцы абласнога аддзялення СПБ…

Пералічанае падкрэслівае, што мы – не беспамятныя, мы помнім і ганарымся сваім земляком.

Віншую ўсіх прыхільнікаў творчасці Макаёнка, чытачоў, калег, прапагандыстаў мастацкай Кнігі і чытання, усіх беларусаў з нагоды юбілею класіка беларускай літаратуры!

Шчырае прывітанне дасылаю родным і блізкім народнага пісьменніка, яго землякам, якія нямала прыклалі намаганняў па захаванню памяці творцы!

Шчыра вітаю настаўніцкі і вучнёўскі калектыў Журавіцкай сярэдняй школы, работнікаў бібліятэк Рагачоўшчыны і Гомельшчыны, з якімі мы правялі за апошняе дзесяцігоддзе нямала сумесных творчых акцый у скарбонку памяці драматурга!

Выказваю шчырую падзяку кіраўніцтву і працоўнаму калектыву Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі за вялікую працу па папулярызацыі творчасці А. Я. Макаёнка!

Спадзяюся, што творы Андрэя Ягоравіча будуць і надалей знаходзіць належны водгук у душах і сэрцах кожнага з нас!

Уладзімір Гаўрыловіч,
празаік, публіцыст, ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі,
старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі»,
сакратар міжнароднага саюза пісьменнікаў і майстроў мастацтваў па Рэспубліцы Беларусь,
кіраўнік міжнароднага праекта па збліжэнні славянскіх народаў «Берагі дружбы».