ВЕРНЕЦЦА НАЗАЎСЁДЫ
Васіль Ткачоў
…Нялёгкі пасляваенны час. Толькі-толькі ўсталявалася ў Журавічах цішыня – дрогкая, недаверлівая, да яе не паспелі яшчэ прывыкнуць людзі. Неўзабаве пачалі вяртацца на роднае селішча вяскоўцы – тыя, хто ацалеў. Набірала разбег новае стваральнае жыццё. Адраджаўся калгас «12 год Кастрычніка», будавалі журавічане і жыллё: не ўсе хаты перажылі вайну. Як і людзі.
На ўскрайку вёскі рос-цягнуўся да сонца стромкі сасоннік. Дрэвы радавалі вока кожнага, хто праходзіў міма. Глянеш на вершаліны – шапка з галавы валіцца. А тут неяк азваліся ў прыгожым лясным закутку пілы і сякеры. Людзі разводзілі рукамі: «Навошта нішчыць лес? Вайна абмінула, а мы?» Іншыя маўчалі – не знаходзілі, мусіць, слоў. Але балела і ў іх сэрца. Няхай бы рос ён, сасоннік, каму замінае…
Якраз у самы разгар лесапавалу прыйшоў да соснаў Андрэй Макаёнак, сакратар Журавіцкага райкома камсамола, чалавек на складу характара вясёлы, але ў той час, прыгадваюць людзі, яго твар быў як ніколі сур’ёзны, задумлівы. Сакратара абступілі вяскоўцы, позіркаў не зводзяць: а як ты, Андрэй, думаеш – правільна робіцца? Не адразу адказаў Макаёнак. Правёў рукой па кары дрэва, паляпаў далонню па ствале, уздыхнуў, а потым толькі ўскінуў бровы:
– Іншага выйсця ў нас, землякі, няма, – прамовіў ціха, але цвёрда,пераканана, – будавацца ж трэба. А на чым у лес ехаць? Каб жа машыны меліся… Колькі тых у нас коней? На пальцах пералічыш. І лесу не навозім, і іх замардуем. Так што неабходна пакуль браць той лес, які пад бокам. Ну, а замест гэтых соснаў-прыгажунь трэба маладыя пасадзіць дрэвы. Абавязкова. Гэта мы, моладзь, зробім.
З таго часу мінула шмат гадоў. Аднак у Журавічах помняць гісторыю з соснамі. Помняць і словы Андрэя Макаёнка, якому было наканавана лёсам стаць славутым іх землякомі.
А сосны растуць і сёння. Прыгожыя, стромкія.
Некалі мястэчка, а сёння проста вёска Старыя Журавічы. Маляўнічыя, прыгожыя тут мясціны. Выбіралі доўга відаць, прашчуры, дзе быць іхняму паселішчу, не спяшаючыся, адумна, таму і стаіць сёння вёска ў атачэнні лясоў, з возерам паблізу, ды і дарогі побач – старая Брэст – Масква паўз калгасны сад. Рукой падаць і да Доўска, а гэта, як вядома, – буйнейшы транспартны вузел. Заядлы ж рыбак можа скокнуць на Дняпро: там, як кажуць, не толькім клюе, але з’явіліся і ракі.
Журавічы пакінулі ў душы Андрэя Макаёнка і светлы смутак, і радасць першых жыццёвых памкненняў. У яго было мала вольнага часу, але Андрэй Ягоравіч знаходзіў магчымасць, каб прыехаць да землякоў. Тут, у Журавічах, ён адчуваў сябе надзвычай шчаслівым чалавекам, бо яго адразу ж акружалі людзі, пра якіх пісаў. З многімі ў драматурга былі самыя цёплыя, таварыскія адносіны, пісьменнік шчыра дзяліўся з імі творчымі задумамі, не адмаўляўся пераступіць парог хаты, калі яго запрашалі ў госці. Для журавічан Андрэй Макаёнак быў сваім чалавекам. Быў і застаўся назаўсёды.
Нарадзіўся будучы драматург 12 лістапада 1920 года непадалёку ад Журавіч – у вёсцы Борхаў, але неўзабаве бацькі пераехалі на пастаяннае месца жыхарства ў Журавічы, з якімі многае звязвала надалей Андрэя Ягоравіча. Пасля заканчэння ў 1938 годзе мясцовай дзесяцігодкі працаваў масавіком у раённым Доме культуры (на той час вёска Журавічы была раённым цэнтрам), сюды вярнуўся ён з фронту, дзе атрымаў цяжкае раненне. Працаваў сакратаром райкома камсамола, памочнікам сакратара райкома партыі. Дзе б ні быў потым Андрэй Макаёнак – у Гродне, Магілёве ці Мінску – сэрцам ён знаходзіўся з землякамі. У Журавічах драматург чэрпаў матэрыял для новых п’ес, і амаль у кожнай з іх прататыпамі герояў былі людзі, якіх ведаў – як з добрага боку, так і з адмоўнага, вядома ж. Калібераў Сцяпан Васільевіч, Антаніна Цімафееўна, Печкуроў Кузьма Прохаравіч («Выбачайце, калі ласка!»), Лушка, Лявон Чмых, Буйкевіч («Лявоніха на арбіце»), Цярэшка і Паліна («Трыбунал»), дзед Цыбулька і Васіль («Таблетку пад язык…»).
«…Любоў. Любоў з вялікай літары. Любоў да жыцця. Жыццё любяць усе, аднак любяць па-рознаму. Андрэй любіў яго, як змагар, даследчык, пераўтваральнік, нястомны барацьбіт за яго чысціню і прыгажосць», – пісаў у свой час пра свайго лепшага сябра народны пісьменнік Беларусі Іван Шамякін.
У гэтым яшчэ раз пераконваешся, калі зноў звяртаешся да твораў Андрэя Макаёнка, калі знаёмішся з экспазіцыяй музея, дзе што не экспанат – жывое сведчанне яго жыцця і творчасці. Перш, чым заглянуць у музей, які быў адкрыты ў мясцовай сярэдняй школе на пачатку 1986 года, варта адзначыць, што той дзень стаў значнай падзеяй не толькі ў жыцці журавічан, але і жыхароў навакольных вёсак. Задоўга сабраліся тады яны перад школай на вясковай плошчы, каб сустрэць дарагіх гасцей – у тым ліку і пісьменнікаў Івана Чыгрынава, Сцяпана Лаўшука, Пятра Васілеўскага. Міколу Гроднева, Галіну Васілеўскую, тэатральнага рэжысёра Барыса Луцэнку, сваякоў Андрэя Макаёнка – дачку Андрэя Ягоравіча Алу Гаўрыловіч і сына Сяргея, братоў Івана Ягоравіча і Леаніда Ягоравіча. Перарэзаў тады чырвоную стужку І. Чыгрынаў разам з першым сакратаром ГК КПБ А. Андрэеевым, і музей прыняў першых наведвальнікаў.
Прайшло амаль чвэрць стагоддзя з таго часу, а музей жыве, і я, бываючы на Рагачоўшчыне, абавязкова наведваю яго. Сярод экспанатаў, сабраных там, – дзесяткі афіш і праграмак спектакляў на мовах народаў былой нашай шматнацыянальнай краіны і свету, выданне п’ес, асабістыя рэчы драматурга. Вось здымкі. На іх Андрэй Ягоравіч з сябрамі-пісьменнікамі, з маці першага касманаўта планеты Юрыя Аляксеевіча Гагарына – Ганнай Цімафееўнай. Змешчаны ў музеі партрэты маці драматурга Маланні Міхайлаўны, бацькі Ягора Сяргеевіча. Прыцягваюць ўвагу рукапісы драматурга, а таксама кнігі з аўтографамі , якія ў свій час былі падараваны Андрэю Ягоравічу. Яны – ад сяброў па пяру: Івана Мележа, Янкі Брыля, Пімена Панчанкі, Максіма Лужаніна. Генадзя Бураўкіна… Іван Шамякін падараваў свайму паплечніку і сябру ўсе свае выданні. Ім вельмі рана было наканавана стаць музейнымі экспанатамі.
Падоўгу затрымліваюцца наведвальнікі ля карцін, на якіх намалявана хата, у якой жыў Макаёнак, старая Журавіцкая школа, дзе ён вучыўся. Тут жа бюст драматурга, вялікі партрэт, з якога глядзіць удумлівы, прыгожы чалавек…
Пройдзе час, і на вясковай плошчы землякі ўстановяць помнік драматургу.
Ёсць у музеі і мой экспанат, чым я, безумоўна, ганаруся.
За два гады да акрыцця музея, у 1984 годзе, я таксама пабываў у Журавічах, занатаваў успаміны тых, хто добра ведаў Андрэя Макаёнка, каму было што прыгадаць. І таму сёння ўдзячны лёсу, што паспеў гэта зрабіць, бо людзі – не вечныя. Запісанае ж – застаецца…
Хвядос Цімафеевіч Румянцаў, на той час настаўнік-пенсіянер:
– Хоць я выкладаў не літаратуру, а хімію і біялогію, Андрэй у школьныя гады часта прыходзіў, пытаўся: «А не чыталі?..» Да чытання ён быў мастак. Пагаворым. Абмяркуем. Ён недалёка ад школы жыў. Тая хата і сёння стаіць. Яе купілі Макаёнкі, калі пераехалі з вёскі Борхаў, дзе нарадзіўся пісьменнік. Бацьку, Ягора Сяргеевіча, прызначылі тады акурат старшынёй журавіцкага калгаса. Добра помню, як паказаў мне Андрэй сваю першую п’есу. Не цярпелася ведаць яму – ці спадабаецца? П’еса, шчыра скажу, мне спадабалася. Толькі некалькі пытанняў усё ж мелася… І адно з іх: «Чаму ты, Андрэй, пра французаў напісаў? Хіба ў нас герояў сваіх мала?» Ён усміхнуўся, прамовіў у адказ: «І пра вас напішу!» Напісаў. І добра напісаў. А потым тая першая п’еса – «На досвітку» – была пастаўлена, і я парадаваўся за свайго былога вучня ад шчырага сэрца.
Любіў Андрэй Ягоравіч парыбаліць. Ехалі мы на Дняпро, ён там усе мясціны ведаў – нарадзіўся ж, лічыце, ледзь не на самым беразе ракі. У мяне звычайныя вуды, у яго – спінінг. Запомнілася, як аднойчы, падчапіўшы шчупака, крычаў Макаёнак на ўвесь бераг: «Злавіў!» Радаваўся, бы малое дзіця. Умеў ён радавацца… У мяне на кніжнай паліцы два томікі ягоных твораў стаяць. Часта бяру ў рукі, перачытваю. І быццам з самім Андрэем размаўляю…
Праскоўя Васільеўга Гатальская, на той час загадчыца мясцовай аптэкі:
– Помню сорак чацвёрты год. Я вучылася тады ў сёмым класе. Камсамольскі білет мне ўручаў Андрэй. Вы прабачце, што я ў размове ўсё Андрэй ды Андрэй… Яго ўсе ў нас так называлі. Нават тады, калі ўжо вядомым пісьменнікам стаў. Бо свой жа ён быў і ёсць. Прывёз неяк Андрэй паказаць нам сваю п’есу. З Мінска артысты былі. Калі пачалі яны граць, адзін чалавек, пазнаўшы сябе ў адмоўным героі, дэманстратыўна падняўся і пакінуў залу. А выпісаны ж ён быў як на партрэце. У «Лявонісе на арбіце», да слова сказаць, мы ўсіх герояў пазналі, хоць былі схаваны яны драматургам пад іншымі прозвішчамі. Наш, наш ён пісьменнік. Журавіцкі.
Галіна Рыгораўна Мацвейчык, на той час настаўніца-пенсіянерка:
– У 1952 годзе памёр мой бацька, дырэктар мясцовай дзесяцігодкі. З Андрэем яны былі ў добрых адносінах. Таму паведамілі яму аб напаткаўшым нас горы, хоць і не спадзяваліся, што прыедзе. Калі яму там? Чалавек заняты. А ён прыехаў. На могілках слова сказаў, пасля нас суцяшаў. А бываючы ў Журавічах, абавязкова заглядваў. Паедзе – і сумна. Бы страчана нешта.
Вера Уладзіміраўна Волкава, на той час настаўніца-пенсіянерка:
– Андрэй сябраваў з маім братам Колем. Нярэдка разам урокі рабілі, а потым падоўгу разглядвалі картачкі, якія самі рабілі. Разглядваюць і смяюцца: «На каго гэта мы падобны, а?» А пазней і добра ў іх пачало атрымлівацца. Коля на Курскай дузе загінуў. Дваццаць тры гады было яму… І не помню я такога выпадку, каб, будычы ў нашай вёсцы, не забег Андрэй да нас. Пасядзіць крыху, Колю ўспомніць, разам з намі пасумуе-пабядуе і заспяшаецца. Вядома ж, багата ў яго людзей, да якіх хацелася зайсці. Яму ў кожнай хаце былі рады.
Успаміны, успаміны… Пра журавіцкі перыяд жыцця Андрэя Макаёнка расказаў мне ў свой час і былы сакратар РК КПБ Адам Васільевіч Кузьмянкоў, які тады жыў у Рэчыцы. У сваім пісьме да мяне ён апавядаў: «Здарылася так, што Андрэй Макаёнак стаў адным з маіх першых журавіцкіх знаёмых – у 1944 годзе я быў пераведзены з Кармы ў Журавіцкі РК КПБ. Былы камандзір партызанскага атрада імя Сталіна Я. І. Штапенка прадставіў мне зусім яшчэ маладога прыгожага хлопца. У камандзірскім кіцелі, апіраўся на драўляную кавеньку. Андрэй, прыемна ўсміхнуўшыся, паціснуў мне руку, па-вайсковаму коратка прадставіўся:
– Ваенрук сярэдняй школы Андрэй Макаёнак!
Я, помню, заўважыў, кіўнуўшы на кавеньку:
– А гэтая рэч не перашкаджае быць ваенруком?
– Не магу развітацца пасля шпіталя, – адказаў, крыху сумеўшыся, Макаёнак. – Магу і выкінуць. Прывычка. Хоць іншы раз… падтрымліваю ёй асколкі. Гэтага багацця ў маіх нагах хапае.
Быў красавік. А ў сярэдзіне мая ў раён прыехаў сакратар ЦК ЛКСМБ К. Т. Мазураў. Размова зайшла пра першага сакратара райкома камсамола. У мяне нарадзілася думка рэкамендаваць на гэтую пасаду Андрэя. Неўзабаве з нашым накіраваннем Андрэй паехаў у Нова-Беліцу, дзе знаходзіўся тады ЦК ЛКСМБ. Назад вярнуўся першым сакратаром. За новую работу ён узяўся з уласцівай яму энергіяй. Па ягонай ініцыятыве і пад ягоным пачаткам былі створаны атрады па дастаўцы з Рагачова зерня, насеннай бульбы. Вазілі на худух конях, насілі нават на плячах у звычайных торбах і клунках, а гэта ж амаль сорак кіламетраў у адзін бок. Аднойчы камсамольцы даставілі з Рагачова сорак тон бульбы. А потым перакопвалі рыдлёўкамі зямлю, цягалі плугі, бароны на сабе. Чым, калі не подзвігам, можна назваць усё гэта?»
Потым шляхі-дарогі драматурга і Адама Кузьмянкова сыходзіліся і разыходзіліся. Андрэй Макаёнак быў накіраваны на камсамольскую працу ў Гродна, адкуль па сямейных абставінах перабраўся ў Магілёў, працаваў там загачыкам парткабінета гаркома партыі.
«Неяк быў у Журавічах, а ён заўсёды па-бацькоўску апекаваў сваіх сямейнікаў, завітаў да мяне, – працягваў успаміны Адам Васільевіч. – Расказаў, як у Магілёве яго абрабавалі і распранулі нейкія нягоднікі. Пасля гэтага працаваць у Магілёве, кажа, для мяне гнятліва. Я параіў вярнуцца ў Журавічы, прапанаваў яму пасаду памочніка сакратара райкома партыі. Андрэй пагадзіўся. Быў ён, заўважу, вострым, трапным на слова чалавекам, вялікім фантазёрам, чалавекам знаходлівым, жыццярадасным. Добра маляваў. Асабліва ўдаваліся яму партрэты. У вольны час падзарабляў гэтым, чым дапамагаў сям’і матэрыяльна. У той жа пачаў спрабаваць сябе і ў пісьменніцкай справе. Пісаў невялікія п’есы і адпраўляў іх у рэдакцыі газет і часопісаў. Адна з іх, пад назвай «Добра, калі добра канчаецца», запомнілася мне, была надрукавана ў газеце «Чырвоная змена» Гэта натхніла Андрэя, і ён стварыў п’есу «Жыццё кліча», адправіў на конкурс, аб’яўлены Міністэрствам культуры рэспублікі на лепшую аднаактовую п’есу для самадзейных калектываў.
Ішоў час. З Мінска ніякіх паведамленняў. Мне ж быў добра знаёмы народны артыст БССР Ісідар Балоцін. Звязаўся з ім. Неўзабаве ён даведаўся, што п’есе Андрэя Макаёнка прысуджана другая прэмія.
З таго часу Андрэй пачаў займацца драматургіяй больш актыўна.
Праз пэўны час, а было гэта ў чэрвені 1947 года, мы атрымалі заяўку для накіравання ў партыйную школу пры ЦК КПБ свайго кандыдата. Я прапанаваў паехаць на вучобу Андрэю. Ён пагадзіўся. Адчуваў: яму цесна становіцца ў Журавічах, яго кліча сталіца, дзе добры тэатральны асяродак.
Праз год мы зноў сустрэліся: у партшколу быў накіраваны і я ў Мінску наша сяброўства працягвалася. У нас з’явіліся нават агульныя сябры і знаёмыя. Сярод іх – Іван Пятровіч Шамякін.
Пасля партшколы партыйным дзеячам Андрэй Макаёнак не стаў. Ён стаў народным пісьменнікам Беларусі. Як кажуць, і дзякаваць Богу!»
Неяк пад час адной з сустрэч з Іванам Пятровічам Шамякіным (а мае інтэрв’ю з ім друкаваліся ў шэрагу газет і ўвайшлі ў кнігу успамінаў пра яго) зайшла у нас размова і пра Андрэя Ягоравіча Макаёнка. Якія яны былі сябры – літаратурны свет ведае.
– З Андрэем, хутчэй за ўсё, мы сышліся як землякі, – прыгадваў Іван Пятровіч. – Калі я паступіў у партшколу, ён ужо год там правучыўся. А тады моцна звязалі нас пісьменніцкія справы, якія перараслі ў такое ж моцнае сяброўства. Андрэй быў смелым чалавекам, гарачым… не ў брыво заўсёды рэзаў праўду-матку, а ў вока. Гэта якасць яго мне сімпатызавала. Такім, відаць, сатырык і павінен быць. Прывяду адзін прыклад. Нехта Калібераў, якога пасля Макаёнак «увекавечыў» у камедыі, вынюхаў, што слухач Дзялец Міхаіл Іванавіч, будучы старшыня Камітэта па друку, пры паступленні ў партыю на фронце скрыў, што ў калектывізацыю бацька яго «абкладаўся па цвёрдаму», лічыўся падкулачнікам. Мішу пагражала выключэнне са школы, з партыі. Андрэй рашуча выступіў у абарону Дзяльца. А як распаліліся страсці! Бегалі нават у ЦК. Але прыйшоў Зімянін, другі сакратар ЦК, і падтрымаў групу Макаёнка. Дзяльца ўратавалі. І Міхаіл пасля ўсё жыццё быў удзячны Андрэю. А так лёгка каліберавы маглі зламаць лёс чалавека.
Шкада, што Андрэя не стала так рана. І мне, яго сябру, прыемна, што ў мінулым годзе ў Журавічах адкрылі помнік вялікаму камедыёграфу і ўвогуле хораша адзначылі яго васьмідзесяцігоддзе.
Журавіцкі перыяд жыцця будучага народнага пісьменніка, трэба заўважыць, не быў усцяж усцелены ружамі. І ён шчыра прызнаваўся ў адным з пісьмаў сябру і таксама будучаму пісьменніку Пятру Васілеўскаму: «Жыццё дыктуе свае законы, даводзіцца падпарадкоўвацца». Прызнаецца словамі Міхаіла Зошчанкі. З тых жа пісьмаў не цяжка даведацца, што не надта падабаецца Андрэю Макаёнку райкомаўская пасада. Не Журавічы – работа… Хаця і Журавічы… у іх, гэта падкрэсліваў і Адам Кузьмянкоў у сваіх успамінах, рабілася цесна Андрэю Макаёнку – яго вабіла прыгожае пісьменства, усё больш і больш авалодвала ягонымі думкамі і пачуццямі, моцна брала ў палон. І ён паедзе з гэтага прыгожага, дарагога сэрцу мястэчка. Але ж ці назаўсёды? Назаўсёды сюды ён вернецца. Вернецца славутым пісьменнікам.