Адкрыццё выставы да 140-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа

Сёлета, 3 лістапада, споўнілася 140 гадоў з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры, аўтара эпічных твораў у паэзіі і прозе, педагога, публіцыста, перакладчыка, вучонога, дзяржаўнага дзеяча Якуба Коласа. Гэта вялікая падзея для культурнага і асветніцкага жыцця краіны! Яе знакавасць яшчэ і ў тым, што адбываецца яна ў рамках святкавання Года гістарычнай памяці.

10 лістапада ў Гомельскай абласной бібліятэцы прайшла прэзентацыя выставачнага праекта з фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа пад назвай «50 імгненняў: фоталетапіс жыцця народнага паэта Беларусі Якуба Коласа».

Жыццё кожнага чалавека складаецца з мільёнаў мімалётных імгненняў, якія з кожнай хвілінай знікаюць, застаюцца ў мінулым і ўжо больш ніколі не вяртаюцца. Захаваць іх можа толькі фотаздымак. Кожная фатаграфія з’яўляецца ўнікальнай і непаўторнай. Яна дае нам магчымасць зазірнуць у мінулае і ўбачыць вобраз былога.

На выставе прадстаўлены 50 імгненняў з жыцця народнага паэта Беларусі Якуба Коласа – 50 фотапартрэтаў беларускага песняра. Яны складаюць фоталетапіс яго жыцця, пачынаючы ад першага вядомага нам здымка Канстанціна Міцкевіча, што быў зроблены ў 1901 г. у Нясвіжы, і заканчваючы фотаздымкам апошняга года жыцця пісьменніка.

Чорна-белыя фотарарытэты пакажуць нам песняра вачамі не толькі вядомых майстроў (такіх, як Генрых Фрыд і Міхаіл Савін), але і фотааматараў: родных, сяброў пісьменніка, у тым ліку яго малодшага сына Міхаіла Міцкевіча.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел дырэктар бібліятэкі Таццяна Забіяка, якая расказала аб супрацоўніцтве з літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа і аб рэалізацыі сумеснага выставачнага праекта, вядучы рэферэнт галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама Марына Долбікава, беларускі літаратуразнавец, літаратурны крытык, пісьменнік, загадчык кафедры беларускай літаратуры філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Іван Штэйнер.

З вялікай цікавасцю пазнаёміліся з выставай студэнты філалагічнага факультэта ГДУ імя Ф. Скарыны і чытачы абласной бібілятэкі. Для гасцей мерапрыемства супрацоўніца бібліятэкі Таццяна Дземідзенка выканала песню «Мой родны кут» на словы народнага паэта Беларусі. А ўдзельнікі абласнога конкурсу чытальнікаў «Жывая класіка» – навучэнка Гомельскага кадэцкага вучылішча Кацярына Швед і вучань сярэдняй школы № 45 Мацвей Рабікаў – урывак з паэмы Якуба Коласа «Сымон-музыка» і яго верш «Жураўліны вырай».

Поделиться:

Читайте также: