Творчая вечарына да 55-годдзя Уладзіміра Гаўрыловіча
1 верасня ў актавай зале Гомельскай абласной бібліятэкі адбылася творчая вечарына заслужанага дзеяча культуры Беларусі Уладзіміра ГАЎРЫЛОВІЧА, таленавітага празаіка, публіцыста, драматурга. Лёс творцы быў насычаным на знакавыя падзеі і сустрэчы. Будучы пісьменнік нарадзіўся 30 жніўня 1967 года ў вёсцы Вятчын Жыткавіцкага раёна ў звычайнай сялянскай сям’і. Вялікі ўплыў на хлапчука аказала прырода беларускага Палесся: прыгожыя і багатыя лясы, некранутыя балоты, а недалёка – легендарнае возера Чырвонае, Князь-возера…
Найбольшае ўздзеянне на будучага пісьменніка аказалі бацькі і настаўнікі, якія з самага дзяцінства прывучалі яго старанна працаваць, быць сумленным і адказным. З асобай цеплынёй Уладзімір Мікалаевіч успамінаў аб настаўніцы роднай мовы і літаратуры Ганне Ігнатаўне Жыткавец. Менавіта з яе падачы ён і пачаў пісаць нарысы, апавяданні, вершы і дасылаць у раённы часопіс. Так пачаўся яго шлях у вялікі свет літаратуры.
Сёння Уладзімір Гаўрыловіч – аўтар 34 кніг прозы, публіцыстыкі, драматургіі. Піша на беларускай мове, асобныя яго творы перакладзены на рускую, ўкраінскую, нямецкую і англійскую мовы. Творы пісьменніка чытаюць з задавальненнем і дарослыя, і дзеці, бо напісаны яны сэрцам, таму і кранаюць чытачоў сваёй праўдзівасцю і шчырасцю.
Плённая творчая праца пісьменніка не магла застацца незаўважанай. Сярод шматлікіх узнагарод Уладзіміра Гаўрылавіча – тры дзяржаўныя: медалі за педагагічную, грамадскую і творчую дзейнасць; ганаровы знак «Выдатнік друку Беларусі» (2006); медаль Францыска Скарыны (2013). У верасні 2021 года Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі беларускаму празаіку Уладзіміру Мікалаевічу Гаўрыловічу было прысвоена званне «Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь». Таксама пісьменнік у розныя гады быў лаўрэатам абласных літаратурных прэмій імя Івана Мележа, Кірылы Тураўскага, усерасійскай прэміі Ф. Цютчава «Русский путь», адзначаны Дыпломам першай ступені і «Залатым Купідонам» па выніках Рэспубліканскага конкурсу на лепшы мастацкі твор у галіне прозы (2007, за раман «Плата за каханне»).
Старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Уладзімір Гаўрыловіч – не толькі таленавіты пісьменнік, але і выдатны арганізатар. Ён ажыццяўляе шмат праектаў, як абласных, рэспубліканскіх, так і міжнародных. Менавіта Уладзімір Мікалаевіч з’яўляецца ініцыятарам Міжнароднага фестывалю-свята «Славянскія літаратурныя дажынкі», абласнога літаратурнага конкурсу і прэміі імя Кірылы Тураўскага, літаратурнага фестывалю «На зямлі Кірылы Тураўскага», штогадовага форуму маладых літаратараў і аматараў мастацкай творчасці «Слова». Яго грамадская дзейнасць уражвае: ён плённа супрацоўнічае з уладнымі структурамі, установамі адукацыі і культуры, выдае абласны альманах «Літаратурная Гомельшчына», міжнародны альманах «Літара», выданні ў серыі «Бібліятэка Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі».
Чвэрць стагоддзя Уладзімір Гаўрыловіч плённа супрацоўнічае з Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкай імя У. І. Леніна і Гомельскай гарадской цэнтральнай бібліятэкай імя А. І. Герцэна. Дырэктары ўстаноў Таццяна Забіяка і Таццяна Власава сардэчна павіншавалі пісьменніка пад час творчай вечарыны.
Шмат цёплых слоў пачуў Уладзімір Мікалаевіч ад сваіх калег па пяру – беларускіх і расійскіх пісьменнікаў. Словы віншавання прагучалі ад Віктара Рашэтнева, старшыні Бранскай абласной пісьменніцкай арганізацыі, ад расійскіх сяброў Васіля Дварцова, Святланы Макаравай, Вадзіма Цярохіна, Леаніда Севера.
Ад імя калектыву Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзіміра Гаўрыловіча віншавалі паэты Тамара Кручэнка, Міхась Болсун, Лідзія Долбікава, Аляксей Бычкоў, Міхась Сліва…
Госці вечарыны акунуліся ў атмасферу беларускай вёскі, убачыўшы ўрывак з рамана юбіляра «Цяпло маладзіка» ў пастаноўцы артыстаў народнага аматарскага тэатра «Грачы» абласной бібліятэкі. Урыўкі з іншых твораў пісьменніка надхнёна выконвалі вучні Іван Усціновіч і Мікіта Дамашкевіч.
Творчую сустрэчу ўпрыгожылі мелагучныя песні ў выкананні народнага артыста Беларусі Эдуарда Ханка і супрацоўніцы абласной бібліятэкі Таццяны Дземідзенка.
Калектыў Гомельскай абласной бібліятэкі далучаецца да шчырых віншаванняў сяброў і калег юбіляра і жадае Уладзіміру Мікалаевічу шчасця, моцнага здароўя і творчага плёну на доўгія гады! Мы з нецярпеннем чакаем новых кніг, цікавых сустрэч і ўражанняў!