З любоўю да Радзімы
12 ліпеня ў літаратурнай гасцёўні «Жывая кніга» аддзела абслугоўвання вучняў 1–5 класаў для хлопчыкаў і дзяўчынак СШ № 24 адбылася сустрэча з членам Саюза пісьменнікаў Беларусі і Беларускага Саюза журналістаў Ганнай Атрошчанка. Вучні пазнаёміліся з творчай спадчынай пісьменніцы, даведаліся пра яе дзіцячыя кнігі «Усмешка вясны», «Дома і салома ядома», «Вясёлы калейдаскоп» і іншымі. Дзеці чыталі вершы паэткі, задавалі пытанні, пералічвалі прыказкі і прымаўкі, якія сустракаюцца ў творах пісьменніцы. У выкананні дзяцей і Ганны Мікалаеўны гучалі вершы, прысвечаныя Году гістарычнай памяці. Дзеці падаравалі Ганне Мікалаеўне букет рамонкаў, а яна – чытачам аддзела сваю новую кнігу прозы «Сын», якая выйшла ў свет у гэтым годзе.
Усе творы Ганны Атрошчанкі авеяны пачуццём дабрыні і любові да Айчыны, да ўсяго жывога на зямлі, а сама сустрэча дазволіла дакрануцца да жывой крыніцы мастацкага слова і папоўніць слоўны запас россыпам слоў і вобразаў, якія дапамогуць кожнаму яшчэ больш любіць мову і Радзіму.