Мова родная, сябруй са мной

Слова да слова, слова да слова –
Гэта бацькоўская родная мова,
Матчына мова, пяшчотная, чыстая,
Быццам крыніца, жывая, іскрыстая.
А. Вольскі.

Сёння ў свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна мова, якая завецца роднай. Вельмі важна шанаваць і вывучаць мову свайго народа.
21 лютага ў Міжнародны дзень роднай мовы адбылася пазнавальна-гульнявая праграма «Мова родная, сябруй са мной». Юным чытачам быў прапанаваны агляд папулярных кніг: «Добрыя справы» Т. Дамаронак, «Прыгоды лісачкі Красуні» К. Хадасевіч-Лісавой, «Прыгоды маленькай машынкі» Н. Бучынскай, «Пра барашку Небарашку» Э. Паповай, «Самы лепшы падарунак» Т. Сівец, «Высокі страх» В. Ткачова, «Я тут жыву» У. Ліпскага і іншых аўтараў.

Дзеці пагарталі каляровыя старонкі вядомага часопіса «Вяселка» і пазнаёміліся з цікавымі артыкуламі і творамі сучасных аўтараў.

З захапленнем хлопчыкі і дзяўчынкі ўдзельнічалі ў конкурсах, адгадвалі загадкі, задачкі, шарады, перакладалі словы з беларускай мовы на рускую, высвятлялі, хто хучэй скажа скарагаворку.

Сустрэчы, прысвечаныя роднай мове, – гэта заўжды знаёмства з новымі творамі, таленавітымі пісьменнікамі і, як вынік, чытацкая зацікаўленасць.

Хацелася б, каб наша слова жыло шмат стагоддзяў, радавала сваёй мілагучнасцю і прыгажосцю новыя пакаленні. Няхай льецца беларуская мова з радыё, тэлеэкранаў, упрыгожвае старонкі газет і кніг, гучыць на вуліцах і ў розных установах.

Да канца лютага для юных чытачоў дзейнічае кніжная выстава «Да роднай мовы крок зрабі».

 

Поделиться:

Читайте также: