Страцім-лебедзь беларускай літаратуры
9 снежня спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры, паэта Максіма Багдановіча. Да гэтай знамянальнай даты ўвазе наведвальнікаў у фае чытальнай залы была прапанавана кніжная выстава-прагляд «Страцім-лебедзь беларускай літаратуры», на якой прадстаўлены зборнікі вершаў паэта, кніжныя і перыядычныя выданні, якія апавядаюць аб жыццёвым і творчым шляху Максіма і яго бацькі, Адама Ягоравіча, вядомага літаратара і этнографа. Выкладчыкам і навучэнцам будуць цікавыя крытычныя артыкулы, нарысы і эсэ, якія поўна і ярка раскрываюць літаратурную спадчыну паэта. Упрыгожваннем выставы з’яўляюцца пранікнёныя паэтычныя радкі Максіма Багдановіча, якія і па гэты дзень хвалююць душы ўдзячных чытачоў.
У аддзеле абанемента з 1 па 19 снежня працуе кніжная выстава «Максім Багдановіч: жыццё і творчасць». У экспазіцыі – выдатныя ўзоры грамадзянскай, пейзажнай, філасофскай лірыкі М. Багдановіча, шэраг любоўных твораў паэта, кнігі пра яго яркі творчы шлях.
Кніжная выстава «І зорка гарыць, і не вяне вянок…», падрыхтаваная супрацоўнікамі Славянскай бібліятэкі – філіяла, прадставіла чытачам творы таленавітага беларускага майстра паэтычнага слова, публіцыста і літаратуразнаўцы М. Багдановіча.
10 снежня ўвазе юных наведвальнікаў аддзела абслугоўвання навучэнцаў 6–9 класаў бібліятэкары прапанавалі інфармацыйна-пазнавальны час і кніжную выставу «Застанецца ён непаўторным». Перад школьнікамі яскрава паўстала асоба класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча.