Да 100-годдзя з дня нараджэння Івана Паўлавіча Мележа

8 лютага спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння Івана Паўлавіча Мележа – народнага пісьменніка БССР, лаўрэата Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа (1962, за раман «Людзі на балоце»), Ленінскай прэміі (1972, за раман «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы»), Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1976, за зборнік «Жыццёвыя клопаты»).

Нарадзіцца яму пашчасціла ў маленечкай вёсачцы ў глыбіні гомельскага Палесся, сярод бяскрайніх балот, у трыццаці кіламетрах ад бліжэйшай станцыі. Сярод драўляных дамоў з саламянымі дахамі, простых мужыкоў у сярмягах і жанчын, якія не ведалі адпачынку з-за неабходнасці зарабіць на кавалак хлеба.

Але ж, калі б не было ўсяго гэтага, бадай не атрымалася б з хлопчыка таго самага Мележа, якога сёння любяць і ведаюць далёка за межамі Беларусі. Толькі ён мог так ярка і самабытна паказаць прыроду Палесся, яго працавітых і адкрытых людзей, менавіта родная зямля і родныя людзі натхнілі яго на творчасць.

Іван добра маляваў, рана навучыўся чытаць і пісаць. Захапляўся вершамі Купалы, Труса, творамі Коласа, Крапівы і Чорнага, рускай класікай, асабліва выдзяляў Шолахава і Фадзеева. Ды і наогул, у школе Мележ быў першым вучнем. Тым больш, што акрамя вялікіх літаратурных задаткаў у яго былі і амаль такія ж матэматычныя здольнасці.  

Ужо будучы вядомым, Іван Паўлавіч часта жартаваў: «Калі б я не стаў пісьменнікам, напэўна стаў бы матэматыкам». Але ж любоў да слова перамагла. Свае першыя значныя творы Іван Паўлавіч напісаў у час вайны. Летам 1942 года Іван Мележ быў цяжка паранены ў правае плячо. Лежачы ў шпіталі ў Тбілісі, левай рукой напісаў сваё першае апавяданне «Сустрэча». Вельмі даражыў Мележ сваёй першай кніжкай, у якую ўвайшлі яго ваенныя дзённікі. У прадмове да яе Іван Паўлавіч напісаў: «Я і цяпер не магу спакойна чытаць гэтыя скупыя радкі, паспешлівыя словы, столькі захоўваюць яны для мяне нявыказанага. Не магу чытаць спакойна, таму што бачу не толькі тое, што выказана, але і памятаю, у якім стане ўсё пісалася. Калі кожны запіс мог стаць апошнім».

Пасля дэмабілізацыі некалькі год правёў у Бугуруслане, дзе спадзяваўся адшукаць сваіх эвакуіраваных родных. Што з яго сям’ёй і з родным Глінішчам – Іван Паўлавіч тады так і не даведаўся. Але сустрэў у Бугуруслане сваю будучую жонку Лідзію Пятрову. Пачаў вучыцца ў аднавіўшым сваю работу на станцыі Сходня пад Масквою Беларускім дзяржаўным універсітэце. Па-сапраўднаму шчаслівым адчуў сябе толькі вярнуўшыся ў Беларусь. Першы год пасля вайны быў вельмі цяжкім, але ж Мележ усё такі знаходзіў час пісаць. Друкаваўся ў газетах «Звязда», «Чырвоная змена», часопісах «Беларусь» і «Полымя».

У 1945 годзе ўступіў у Саюз пісьменнікаў. У 1946 годзе ў свет выйшаў яго першы зборнік апавяданняў «У завіруху». Аднайменнае апавяданне было высока ацэнена Кузьмой Чорным. У тым жа 1946 годзе з’явілася аповесць «Гарачы жнівень». Наступныя пяць гадоў былі напружанай працай над раманам «Мінскі напрамак», у якім распавядаецца аб вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Пасля напісання гэтага рамана, па ўспамінах жонкі Лідзіі, Іван Паўлавіч не мог пісаць некалькі гадоў. У яго і раней не было рэжыму: мог працаваць некалькі дзён і нават месяцаў без перапынку, прычым у розны час і ў розных месцах. Мог некаторы час зусім не сядаць за пісьмовы стол. Цяпер жа, здавалася, перастаў пісаць зусім.

Ён думаў пра Палессе… Яго цягнула туды – на сваю малую радзіму, да родных палешукоў. Кожны год ён прыязджаў у Глінішча. Яму хацелася прайсці пад вішняй, дзе калісь касіў сена, пасядзець каля дуба, дзе гойдаўся на арэлях – пабываць у мясцінах, знаёмых з дзяцінства. Кожны раз, калі пісьменнік прыязджаў у Глінішча, то заходзіў у школу, кантору калгаса. Калі сустракаў каго са знаёмых на вуліцы, то абавязкова спыняўся і раз маўляў.

Мележ вельмі любіў сваіх палешукоў, і даўно думаў напісаць пра іх.  Распачаўшы работу над трылогіяй «Палеская хроніка», адчуў неверагоднае задавальненне ад гэтай работы. Мележ зразумеў, што «пісаць у першую чаргу трэба аб тым, што асабліва дорага душы, што яе хвалявала і хвалюе – што стала дарагой часткай асабістай біяграфіі».

У 1961-м убачыў свет раман «Людзі на балоце» – ён адкрыў цыкл палескіх раманаў. Праз пяць гадоў быў завершаны раман «Подых навальніцы». І на цэлае дзесяцігоддзе расцягнулася работа над апошнім раманам «Палескай хронікі» – «Завеі, снежань».

Ленінская прэмія за раманы аказалася для Мележа прыемнай нечаканасцю. Ён не думаў, што жыццё палешукоў можа быць настолькі цікавым для чытачоў. І не толькі на прасторах вялізарнага Савецкага Саюза. Аб вёсцы Курані, пра Васіля, Ганну, Хадоську даведаліся ва ўсім свеце. «Палеская хроніка» была пераведзена на рускую, малдаўскую, казахскую, нямецкую, туркменскую і, нават, кітайскую мовы. А ўсё таму, што Мележ вельмі добра ведаў тое, аб чым пісаў. Менавіта таму такімі жывымі і праўдзівымі атрымаліся вобразы яго палескіх герояў, апісанне беларускіх традыцый і свят. Трэба адзначыць, што паводле «Палескай хронікі» быў зняты фільм, за які пісьменнік атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР у 1984 годзе.

На жаль, дапісаць «Палескую хроніку» Мележ не паспеў: баявое раненне, хворыя ныркі і лёгкія ўсё больш давалі аб сабе знаць. Мележу было ўсяго 55, калі яго не стала. Ён мог яшчэ столькі напісаць! У яго дзённіках мноства ідэй і накідаў. Іван Паўлавіч планаваў напісаць дзве часткі «Палескай хронікі», раман «Горад» пра сучасны Мінск, творы аб ахвярах вайны і сучаснай сям’і…

Але і без таго яго творчая спадчына вялізная. Апавяданні, раманы, эсэ, нарысы, п’есы, артыкулы аб літаратуры і творчасці… Пры гэтым Мележ быў яшчэ і актыўным грамадскім дзеячам. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, членам Сусветнага Савета міру, працаваў старшынёй Рэспубліканскага камітэта аховы міру, старшынёй Беларускага аддзялення грамадства «СССР – Францыя», быў сакратаром, а потым намеснікам старшыні Саюза пісьменнікаў БССР.  

Яго творчыя і грамадскія дасягненні адзначаны многімі прэміямі і ордэнамі. Беларусы беражліва захоўваюць і шануюць памяць свайго дарагога земляка. Імем Івана Мележа названы вуліцы ў Мінску, Хойніках, Гомелі і другіх гарадах Беларусі, школа ў родным Глінішчы, бібліятэка ў Гомелі, тэатр у Мазыры. Прыхільнікі мележаўскага таленту з розных краін прыязджаюць у музей Мележа ў вёску Глінішча, а маладыя беларускія пісьменнікі лічаць за гонар атрымаць літаратурную прэмію імя Мележа.

У Гомельскай абласной бібліятэцы створана музейная экспазіцыя, прысвечаная слыннаму пісьменніку і нашаму земляку, а да яго 100-гадовага юбілею падрыхтаваны шэраг мерапрыемстваў.

Падрыхтавала:
галоўны бібліятэкар аддзела краязнаўства Ніна Серыкава.

Поделиться:

Читайте также: