Урачыстасці на радзіме Івана Пятровіча Шамякіна
29 студзеня дырэктар Гомельскай абласной бібліятэкі Марына Сяргееўна Рафеева прыняла ўдзел ва ўрачыстым мерапрыемстве ў аграгарадку Карма Добрушскага раёна. Імпрэза, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння нашага выдатнага земляка, народнага пісьменніка БССР Івана Пятровіча Шамякіна, была падрыхтавана Добрушскай цэнтральнай раённай бібліятэкай пры падтрымцы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Добрушскага райвыканкама.
Выступаючы на свяце, дырэктар абласной бібліятэкі падкрэсліла выхаваўчае значэнне твораў юбіляра ў фарміраванні найважнейшых рыс і характарыстык асобы: сумленнасці, прыстойнасці, любові да бліжняга, дабрыні і працавітасці. Марына Сяргееўна падкрэсліла ролю бібліятэк у захаванні памяці і папулярызацыі творчай спадчыны пісьменніка.
У дар Кармянскай сельскай бібліятэцы, якая носіць імя І. П. Шамякіна, ад абласной бібліятэкі перададзены фотаздымкі з Літаратурнага музея пісьменнікаў Гомельшчыны і кніга М. І. Мушынскага, прысвечаная Івану Пятровічу. Прыемным падарункам у адказ Літаратурнаму музею абласной бібліятэкі стаў памятны сувенір, выраблены Добрушскім фарфоравым заводам.
Выкарыстаны фатаграфіі з сайта газеты «Добрушскі край».