Пад небам беларускага слова
Дзень беларускага пісьменства праводзіцца штогод у першую нядзелю верасня.
Канцэпцыя свята прадугледжвае паказ адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй і культурай беларускага народа, адлюстраванне гістарычнага шляху пісьменства і друку ў Беларусі. Традыцыйна свята праводзіцца ў гарадах, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання. Упершыню, у 1994 годзе, свята праходзіла ў старажытным горадзе Полацку.
Беларусам ёсць чым ганарыцца – беларуская пісьменнасць мае шматвяковыя традыцыі. Асветнікі беларускага народа – фігуры еўрапейскага маштабу: Францыск Скарына, фрэска з выявай якога ўпрыгожвае сцяну Падуанскага ўніверсітэта побач з партрэтамі іншых гігантаў Адраджэння; Кірыла Тураўскі, прапаведнік, які пакінуў нам паэтычнае «Слова пра мудрасці»; Еўфрасіння Полацкая, падзвіжніца, якая аддала перавагу нябеснай мудрасці золату княжацкай славы; Сімяон Полацкі, чыю творчасць навукоўцы лічаць не толькі адным з вытокаў беларускай літаратуры, але і пачаткам рускага вершаскладання і тэатра.
Гомельская абласная бібліятэка адзначае гэты дзень традыцыйнай выставай, на якой прадстаўлены матэрыялы па гісторыі станаўлення і развіцця беларускага пісьменства і кнігадрукавання, аб выдатных беларускіх асветніках, а таксама кнігі пра жыццё і творчасць класікаў і сучаснікаў беларускай літаратуры.
Выстава чакае чытачоў да 6 верасня ў фае чытальнай залы.







