Чытаем па-беларуску ў новым фармаце
21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Дзень роднай мовы. Апошнія даныя ААН сведчаць, што зараз налічваецца больш за 7000 моў, палова з якіх пад пагрозай знікнення. Але ж амаль 2/3 насельніцтва Зямлі размаўляе на 40 мовах. З мэтай абароны разнастайнасці моў і быў заснаваны такі дзень – Дзень роднай мовы.
Моўная культура беларускага народа надзвычай багатая i самабытная. Яна ўвасоблена ў поўных чароўнага хараства песнях і вершах, у афарбаваных міфічнасцю легендах і паданнях, мудрых прыказках, у адмысловых загадках і магічна-таямнічых замовах. Гэтыя моўныя скарбы раскрываюць нам гісторыю народа, сведчаць пра яго сацыяльны інтэлект, далучаюць нас да маральных, эстэтычных каштоўнасцей, створаных народам за стагоддзі, дапамагаюць зразумець яго філасофію, мастацкія вобразы.
Менавіта у такі святочны дзень у нашу творчую лабараторыю Літаратурнага музея завіталі выхаванцы Школы маладога літатратара – Яніна Цімашэня, Міхаіл Арцем’еў, Кацярына Мянькова, Рыгор Канаплянікаў і іх кіраўнік Ніна Нічыпараўна Нікіціна. Для навучэнцаў 11-й і 22-й школ быў праведзены літаратурны батл «Чытаем па-беларуску ў новым фармаце». Кацярына Мянькова атрымала дыплом пераможцы, а Яніна Цімашэня – прыз сімпатый гледачоў.
Падчас мерапрыемства маладыя паэты сваімі вершамі выказалі любоў да роднага слова, і мы яшчэ раз пераканаліся, што для нас наша мова – самая прыгожая і мілагучная, самая найлепшая за ўсе мовы ў свеце…