Міжнародныя навуковыя чытанні

2 кастрычніка ў Гомельскай абласной бібліятэцы адбыліся Міжнародныя навуковыя чытанні «Рэгіянальнае, нацыянальнае і агульначалавечае ў славянскіх літаратурах», прысвечаныя памяці народнага пісьменніка Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа, прэміі імя Ленінскага камсамола Беларусі, прафесара, доктара філалагічных навук, заслужанага дзеяча навукі Беларусі, акадэміка Івана Якаўлевіча Навуменкі.

Іван Якаўлевіч Навуменка нарадзіўся 16 лютага 1925 года ў г. Васілевічы Рэчыцкага раёна ў сям’і чыгуначніка. Прайшоў нялёгкі жыццёвы шлях. Юнацтва пісьменніка прыпала на ваенныя гады. У семнаццацігадовым узросце ён уключыўся ў падпольную барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, потым змагаўся ў партызанскай брыгадзе імя П. К. Панамарэнкі. Са снежня 1943 года І. Я. Навуменка ваяваў ў радах Савецкай Арміі, разведчык дэсантнай групы, удзельнічаў ў цяжкіх баях на Карэльскім перашыйку. Перамогу сустрэў у Германіі.

Памяць пра ваеннае ліхалецце пісьменнік пранёс праз усё жыццё. Падзеі вайны, гераічная барацьба супраць нямецкіх захопнікаў ляглі ў аснову многіх яго твораў. Зборнікі апавяданняў пісьменніка «Семнаццатай вясной», «Хлопцы-равеснікі», аповесць «Вайна каля Цітавай копанкі», раманы «Сасна пры дарозе», «Вецер у соснах», «Сорак трэці» сталі яскравай старонкай беларускай літаратуры.

Адкрыў канферэнцыю рэктар ГДУ імя Ф. Скарыны, доктар фізіка-матэматычных навук Сяргей Анатольевіч Хахомаў. З прывітальнымі словамі да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуліся: доктар філалагічных навук, прафесар, дырэктар Інстытута літаратуразнаўства НАН РБ Іван Васільевіч Саверчанка, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт, дачка І. Я. Навуменкі Валерыя Іванаўна Навуменка, намеснік дырэктара Гомельскай абласной бібліятэкі Таццяна Леанідаўна Барабаншчыкава.

З дакладамі выступілі: прафесар Ольдэнбургскага ўніверсітэта Колер Гун-Брыт; доктар габілітаваны, прафесар надзвычайны Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта Бэата Сівэк; Emeritus Professor University College London Арнольд Барат Макмілін; доктар філалагічных навук, прафессар, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Іван Аляксеевіч Чарота, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, сын І. Я. Навуменкі – Павел Іванавіч Навуменкаі інш.

 У канферэнцыі прымалі ўдзел навукоўцы Беларусі, Украіны, Германіі, Польшчы, Англіі, а таксама студэнты, аспіранты і выкладчыкі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны і іншыя.

У межах чытанняў адбылася прэзентацыя поўнага Збору твораў народнага пісьменніка І. Я. Навуменкі, а таксама ўрачыстае ўручэнне кніг прадстаўнікам бібліятэк горада Гомеля і вобласці.

Удзельнікі канферэнцыі пазнаёміліся з музейнай экспазіцыяй Івана Навуменкі, якая створана ў аддзеле краязнаўства Гомельскай абласной бібліятэкі.

Поделиться:

Читайте также: