Прэзентацыя кнігі паэта-набеліста Тумаса Транстромера

22 лістапада ў бібліятэцы адбылася прэзентацыя беларускага пераклада вершаў шведскага паэта-набеліста Тумаса Транстромера «Пад вольным небам», пад час якой у фае актавай залы адкрылася выстава «Швецыя вачыма беларусаў». Праэкт адбыўся пры падтрымцы Саюза беларускіх пісьменнікаў сумесна з Амбасадай Швецыі ў Беларусі.

На вечары прысутнічалі Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Каралеўства Швецыя ў Рэспубліцы Беларусь Крысціна Юханесан, намеснік пасла Магнус Сэтэберг, памочнік пасла Алеся Літвіноўская, а з беларускага боку – старшыня ГА «СБП» Барыс Пятровіч, намеснік старшыні Усевалад Сцебурака, перакладчык Лявон Баршчэўскі і бард Сяргей Башлыкевіч.

З неверагоднай павагай да нашай краіны, на цудоўнай беларускай мове спадарыня Крысціна Юханесан адкрыла вечар. Барыс Пятровіч паведаў пра плённую перакладчыцкую дзейнасць Саюза ў галіне шведскай літаратуры для дзяцей і перадаў у фонд бібліятэкі кнігі і часопісы. Прывітальны адрас ад перакладчыка Ўладзіміра Арлова прысутныя ўбачылі ў відэазапісы.

Актавая зала ледзь змясціла ўсіх жадаючых дакрануцца да сапраўднай паэзіі, незвычайную цікавасць выклікала фотавыстава. Вельмі шчырым атрымалася выступленне Святланы Лазарэнка (III месца ў фотаконкурсе «Швецыя вачыма беларусаў»), а галоўны герой здымка Захар надаў яе выступленню асаблівую непасрэднасць.

Кнігу Тумаса Транстромера «Пад вольным небам» прадставіў перакладчык Лявон Баршчэўскі, які расказаў аб працы над праектам. У гэты вечар першы раз у бібліятэцы гучала шведская мова. Сустрэча атрымалася нават інтэрактыўнай: гледачы ўдзельнічалі ў забаўляльнай віктарыне, у выніку якой адкрылі для сябе зусім іншую, незвычайную Швецыю.  Мадератарскі талент Усевалада Сцебуракі і неверагодная энергія харызматычнага Сяргея Башлыкевіча літаральна захапілі залу! Мы спадзяемся, што такія сустрэчы стануць у нашай бібліятэцы традыцыйнымі.

Поделиться:

Читайте также: