Дзіўная родная мова на пасяджэнні літаб’яднання «Пралеска»
Чарговае пасяджэнне літаратурнага аб’яднання «Пралеска» адбылося ў абласной бібліятэцы 9 лютага і было прысвечана Міжнароднаму дню роднай мовы.
Ганаровым госцем пасяджэння стала Ганна Атрошчанка, гомельская паэтка, празаік, журналіст, публіцыст, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, Беларускага саюза журналістаў і Міжнароднага саюза пісьменнікаў і майстроў мастацтва. Ганна Мікалаеўна прадставіла дзве свае кнігі, якія ўбачылі свет у 2024 г.: «Вярбіна», у якой змешчаны казкі, легенды і апавяданні для дзетак, і «Родныя напевы» – кніга лірыкі. Пісьменніца крыху паведаміла пра свой творчы шлях, адказала на пытанні і прачытала некалькі вершаў з новых выданняў. Сваю кнігу «Родныя напевы» яна падпісала для «Пралескі».
Адна з старонак літаратурнай сустрэчы была прысвечана пісьменнікам, юбілеі якіх мы адзначаем у лютым. Так, кіраўнік літаратурнага аб’яднання Наталля Нікіціна паведаміла пра жыццёвы і творчы шлях народного пісьменніка БССР Івана Навуменкі, якому 16 лютага споўнілася б 100 гадоў. Наталля Васільеўна правяла літаратурных творцаў сцяжынкамі дзяцінства пісьменніка, бо сама таксама нарадзілася ў мястэчку Васілевічы, якому ў сваёй трылогіі «Сасна пры дарозе» аўтар надае прыгожую назву Бацькавічы.
У гэты дзень у абласной бібліятэцы гучалі вершы і на рускай мове – намеснік кіраўніка літаратурнага яб’яднання Святлана Пацыно паведаміла пра Барыса Пастэрнака, 135-годдзе з дня нараджэння якога мы адзначаем у лютым.
У выкананні літаратараў Гомеля Ганны Атрошчанка, Уладзіміра Зянкова, Надзеі Варатынцавай, Таццяны Дзянісковец, Марыны Ермакевіч і іншых гучалі вершы беларускіх паэтаў пра родны край і родную мову. Пранікнёна чытаў вершы і выконваў свае песні лаўрэат шматлікіх конкурсаў Дзімітрый Марозаў.







