Вандроўка па родным краі
Міжнародны дзень роднай мовы, абвешчаны Генеральнай канферэнцыяй ЮНЕСКА 17 лістапада 1999 г., адзначаецца з 2000 г. штогод 21 лютага з мэтай садзейнічання моўнай і культурнай разнастайнасці і шматмоўю.
20 лютага ў чытальнай зале абласной бібліятэкі адбылася пазнавальная гульня «Вандроўка па родным краі», дзе навучэнцы СШ № 24 даведаліся пра разнастайнасць моў на планеце, пра тое, што родная мова – гэта характар народа, яго памяць, гісторыя, духоўная магутнасць. Дзеці пазнаёміліся з гісторыяй свята, гаварылі аб значнасці роднай мовы ў развіцці кожнай асобы, выконвалі разнастайныя заданні: рабілі пераклад словазлучэнняў з рускай мовы на беларускую, працягнулі прыказкі і прымаўкі на беларускай мове. Мерапрыемства прайшло пазнавальна і цікава, у завяршэнні хлопцы і дзяўчаткі пазнаёміліся з кніжнай выставай «Як ты дорага мне, мая родная мова».
Таксама бібліятэкары далучаюцца да маштабнага праекта па прасоўванні айчыннай прадукцыі «Кожная пятніца – роднае, сваё». Яго мэта – паказаць багацце і якасць беларускіх тавараў, падкрэсліць іх канкурэнтаздольнасць і зрабіць падтрымку нацыянальнага вытворцы добрай традыцыяй.






