«Час перад святам» Галіны Рагавой
Штогод 21 лютага ўвесь свет адзначае Міжнародны дзень роднай мовы, заснаваны ЮНЭСКА ў 1999 г. Палова моў свету знаходзіцца пад пагрозай знікнення, і менавіта дзеля іх і быў прапанаваны гэты дзень.
Сёння гонар і абавязак для ўсіх нас – шанаваць і берагчы родную мову. Вось чаму многія беларускія пісьменнікі ў сваіх творах звяртаюцца да нас, каб не цураліся роднага слова, чыталі і размаўлялі па-беларуску.
Сярод іх і пісьменніца з Гомеля, член Союза пісьменнікаў Беларусі Галіна Рагавая, якая завітала ў літаратурную гасцёўню аддзела абслугоўвання навучэнцаў 1–5 класаў каб сустрэцца с юнымі чытачамі бібліятэкі.
Хлопчыкі і дзяўчынкі пазнаёміліся з творчым шляхам пісьменніцы і з яе кнігай для дзяцей «Час перад святам», з другімі зборнікамі паэтэсы. Галіна Аляксандраўна прачытала дзецям свае вершы, прапанавала адгадаць загадкі, і, як сапраўдны настаўнік, нагадала дзеткам пра некаторыя правілы напісання і гучання беларускіх слоў. У сваю чаргу, дзеці таксама парадавалі пісьменніцу тым, што вывучылі і прадэкламіравалі вершы з яе кнігі «Час перад святам».
Дзеці даведаліся пра гісторыю ўзнікнення свята роднай мовы, паразважалі пра тое, як важна разумець і шанаваць мову дзядоў і прадзедаў, былі прыемна ўражаны тым, што беларуская мова – самая мілагучная пасля італьянскай і самая старажытная сярод славянскіх.
Мы ўдзячны Галіне Аляксандраўне за цудоўную сустрэчу і нагадваем усім, што ў свеце шмат розных цудоўных моў, але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна мова, якая завецца роднай.
Шануйце і беражыце сваю родную беларускую мову!
Кажуць, мова мая аджывае
Век свой ціхі: ёй знікнуць пара.
Для мяне ж яна вечна жывая,
Як раса, як сляза, як зара.
Пімен Панчанка