Роднай мовы гук чароўны
Мова – гэта не толькі сродак зносін, але і важны элемент нацыянальнай культуры. Вельмі важна шанаваць і вывучаць мову свайго народа.
Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага, вучні СШ № 11 сталі ўдзельнікамі мерапрыемства «Роднай мовы гук чароўны».
Хлопчыкі і дзяўчынкі пазнаёміліся з гісторыяй узнікнення свята, прынялі ўдзел у гульнях «Перакладчык», «Знайдзі слову пару», дзе перакладалі словы з беларускай мовы на рускую і знаходзілі ім адпаведную пару, а потым адгадвалі загадкі, задачкі, шарады, збіралі пазлы, разгадвалі крыжаванку.
Чытачам быў прапанаваны агляд папулярных беларускіх кніг. Асаблівую зацікаўленасць выклікала творчасць гомельскіх пісьменнікаў.
Дзеці пагарталі каляровыя старонкі вядомага часопіса «Вясёлка» і пазнаёміліся з цікавымі артыкуламі і творамі сучасных аўтараў.
Сустрэчы, прысвечаныя роднай мове, – гэта заўжды знаёмства з новымі творамі,таленавітымі пісьменнікамі і, як вынік,чытацкая зацікаўленасць.
Часцей чытайце кнігі на беларускай мове! Вывучайце і беражыце родную мову!






