У Літаратурным музеі пісьменнікаў Гомельшчыны
Студэнты – першакурснікі філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны на чале з выкладчыкам Валянцінай Новак 27 лістапада правялі свае заняткі ў Літаратурным музеі пісьменнікаў Гомельшчыны, экспазіцыі якога прысвечаны народным пісьменнікам БССР Івану Навуменка, Івану Шамякіну, Івану Мележу і Андрэю Макаёнку. І народныя яны не толькі на падставе афіцыйна прысвоенага ганаровага звання, а па ўсёй сваёй мастакоўскай і чалавечай сутнасці. Людзі працягваюць чытаць і вывучаць іх кнігі, знаходзяць у тэкстах новыя грані і сэнсы. А гэта і ёсць самая вялікая ўзнагарода для аўтараў – калі іх творы чытаюць і перачытваюць. Гэта вышэй за любыя прэміі…
Для навучэнцаў быў праведзены кароткі экскурс па жыцці і творчасці знакамітых землякоў, знаёмства з музейнымі экспазіцыямі і асобнымі артэфактамі, што належалі творцам. Студэнты мелі ўнікальную магчымасць апынуцца ў атмасферы другой паловы ХХ ст., убачыць і адчуць тое, што некалі бачылі і адчувалі самі пісьменнікі.
Далей мерапрыемства было прысвечана славутым беларускім пісьменнікам і іх творам пра каханне, дзе дзяўчаты расказалі радкі з біяграфіі паэтаў і прачыталі вершы.