Пасяджэнне ў творчай лабараторыі
30 студзеня спаўняецца 102 гады з дня нараджэння Івана Шамякіна, яркага і самабытныга прадстаўніка беларускай літаратуры XX стагоддзя. Яго творчасць з’яўляецца духоўным здабыткам нашага народа. Не адно пакаленне беларусаў вырасла на творах знакамітага земляка.
Іван Пятровіч Шамякін – адзін з самых выдаваемых і чытаемых пісьменнікаў мінулага стагоддзя. У канцы 1970-х гадоў па чытаемасці ў СССР сярод пісьменнікаў займаў пятае месца. Герой Сацыялістычнай працы, народны пісьменнік, акадэмік НАН Беларусі, лаўрэат некалькіх прэмій, у т. л. Дзяржаўнай прэміі СССР і дзвюх Дзяржаўных прэмій Беларусі… Гэты непоўны пералік узнагарод Івана Пятровіча ўражвае сваёй значнасцю. А вынікі яго творчай дзейнасці вельмі і вельмі ўнушальныя. 12 раманаў, 10 п’ес, дзесяткі апавяданняў: свет убачылі 130 кніг, агульным тыражом звыш 25 мільёнаў экземпляраў. Творы пісьменніка былі пераведзены болей чым на 30 моў свету, у тым ліку на кітайскую.
Чарговы раз далучыцца да цудоўнай спадчыны творцы мелі магчымасць навучэнцы СШ № 19 на пасяджэнні ў творчай лабараторыі Літаратурнага музея пісьменнікаў Гомельшчыны. Госці бібліятэкі актыўна і з вялікай зацікаўленасцю ўдзельнічалі ў віктарынах, адказвалі на пытанні вядучай Таццяны Трэццяковай. Да іх увагі была падрыхтавана прэзентацыя і экскурсія па музейнай экспазіцыі.