Адкрыццё выставы да 140-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы
Сёлета мы адзначаем 140-годдзе з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры, народнага паэта Беларусі, драматурга, публіцыста, перакладчыка, акадэміка Акадэміі навук Янкі Купалы. Вялікая падзея для культурнага і асветніцкага жыцця! Яе знакавасць яшчэ і ў тым, што адбываецца яна ў Год гістарычнай памяці.
Гомельская абласная бібліятэка далучаецца да святкавання юбілейнай даты, каб аддаць даніну ўдзячнай памяці і павагі слыннаму Песняру Беларусі.
26 мая прэзентаваны ўнікальны праект – выстава рэпрадукцый мастацкіх работ з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы «Жыву я ў сваім родным краі», што тычацца ранняга перыяду жыцця і творчасці паэта.
Вобраз Янкі Купалы яскрава ўвасоблены ў творах выяўленчага мастацтва. Сюжэтныя карціны з жыцця і творчасці паэта дораць нам магчымасць уявіць, якім быў ён у жыцці. Быццам сфатаграфаваны вачыма таленавітых мастакоў, Купала паўстае перад намі ў новых вобразах. Мастацкія работы беларускіх жывапісцаў перадаюць непаўторны подых часу.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел дырэктар бібліятэкі Таццяна Забіяка, якая расказала аб супрацоўніцтве з Літаратурным музеем Янкі Купалы і аб рэалізацыі сумеснага мастацкага праекта, супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы навуковы сакратар Галіна Варонава, рэферэнт галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама Марына Долбікава.
З вялікай цікавасцю пазнаёміліся з выставай студэнты ГДУ імя Ф. Скарыны, навучэнцы Гомельскага дзяржаўнага мастацкага каледжа, сярэдніх школ № 11 і № 19. Для гасцей мерапрыемства супрацоўніца бібліятэкі Таццяна Дземідзенка выканала песню «Янка Купала», беларускія музычныя кампазіцыі на цымбалах прагучалі ў выкананні навучэнцаў Гомельскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў імя Н. Ф. Сакалоўскага Арыны Стрыгі, Дзіяны Кутчар, канцэртмайстара Таццяны Сабалеўскай.