Пісьменнік Анатоль Зэкаў у абласной бібліятэцы

27 красавіка Гомельскую абласную бібліятэку наведаў знакаміты пісьменнік-зямляк, ураджэнец в. Патапаўка Буда-Кашалёўскага раёна Анатоль Зэкаў – лаўрэат розных літаратурных прэмій, ганаровы грамадзянін Буда-Кашалёўскага раёна, узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

У друку Анатоль Мікалаевіч выступае з 1972 г. Аматарам літаратуры добра вядома творчасць тонкага лірыка, публіцыста, сатырыка. Яго творы – гэта роздум аб праблемах, якія ставіць жыццё перад чалавекам, чалавецтвам, аб вечных тэмах дабра i зла, любові i нянавісці.

На яго рахунку дзясяткі кніг. Ён паспяхова зарэкамендаваў сябе ў многіх літаратурных жанрах – паэзіі, прозе, сатыры і гумару, але ў апошнія гады ўсё больш схіляецца да дзіцячай літаратуры. Сведчанне гэтаму кнігі  «Зязюля –гулюля», «Не казкі пра Сашку», «Непаслухмяны Чмелік», «Вучоная варона», «Як Гаўка ў космас збіраўся» і інш.

Літаратурная крытыка, адгукаючыся на дзіцячыя кнігі Анатоля Зэкава, адзначае добрае веданне ім дзіцячай псіхалогіі, уменне ў звычайнай з’яве ўбачыць незвычайнае і напісаць пра гэта захапляльна, з лёгкім гумарам, ад чаго вершы паэта лёгка запамінаюцца нават самымі маленькімі чытачамі.

Некаторыя творы пісьменніка перакладзены на рускую, таджыкскую, чувашскую мовы, уключаны ў школьныя падручнікі,  пакладзены на музыку – іх спяваюць многія беларускія выканаўцы.

Падчас сустрэчы ў аддзеле краязнаўства Анатоль Мікалаевіч пакінуў некалькі  аўтографаў на сваіх кнігах.

21
Поделиться:

Читайте также: