Рэспубліканская акцыя, прысвечаная дню нараджэння Янкі Купалы

«Нельга ўявіць беларускі народ
без такой велічнай постаці, як Янка Купала».
Якуб Колас

У кожнай нацыянальнай літаратуры ёсць постаці асабліва значныя і славутыя, якія найбольш поўна ўвабралі ў сябе вопыт перажытага, здабыткі папярэднікаў, сталі прызнанымі песнярамі свайго народа, яго гістарычнага лёсу.

Творчасць Янкі Купалы – набытак беларускай нацыянальнай культуры. Праз яго творы калісьці беларусы распавялі свету пра сваё жыццё, звычаі, гісторыю, прыроднае ўлонне. Гістарычная своеасаблівасць Купалы заключаецца ў тым, што з самага пачатку, з «жалейкавага» перыяду, паэт выступаў як прарок нацыянальнага Адраджэння. Паэзія Янкі Купалы прасякнута вітальнаю сілаю, яна – на баку жыцця, бароніць чалавека і яго годнае месца на зямлі. Творчая спадчына паэта дае яскравае ўяўленне аб самых істотных рысах беларускага характару – чалавечай годнасці, духоўнасці, талерантнасці.

У межах Рэспубліканскай акцыі, прысвечанай дню нараджэння народнага пісьменніка Беларусі, у Гомельскай абластной бібліятэцы працуюць кніжныя выставы «Мне сняцца сны аб Беларусі…», «Пясняр беларускай зямлі», «Купалаўскі вянок». Кнігі, публікацыі, эсэ, успаміны, архіўныя дакументы ствараюць шматгранны партрэт паэта ў яго стасунках з людзьмі і светам. Вершы і паэмы Янкі Купалы раскрываюць яго непаўторны талент, у якім увасабляецца сіла беларускага народа, прыгажосць яго духоўнага багацця, яго глыбокая гуманнасць і мудрая філасофія. Пранікнёна сказаў пра Купалу рускі паэт А. Т. Твардоўскі: «Лірык па складу свайго цудоўнага таленту, песняр Беларусі, які выявіў сэрца яе з незвычайнай сілай, ён усёй сваёй паэтычнай існасцю як бы сімвалізаваў творчую моц народа».

Кожны чытач знойдзе ў купалавай спадчыне тое, што шукае душа…

Поделиться:

Читайте также: