Хіт-парад для парад

Багата, родная ты мова,
Цябе стварыў і ўзнёс народ.
А вобразы, якія ў словах,
А параўнанняў што за ўзлёт!..
П. Броўка

Святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы стала традыцыйным мерапрыемствам у аддзеле абслугоўвання вучняў 1–5 класаў. Мова яднае нацыю, народ і ўсіх людзей, якія пражываюць на тэрыторыі краіны. Кожны чалавек павінен шанаваць сваю мову, традыцыі і культуру свайго народа.

Вучні з СШ № 24 заўсёды адзначаюць гэты дзень ў любімай бібліятэцы.

Дзеці даведаліся аб гісторыі ўзнікнення свята роднай мовы, аб тым, як важна разумець і шанаваць мову дзядоў і прадзедаў. Вялікую цікавасць выклікала гісторыя пра незвычайны помнік у гонар літары «ў», які быў устаноўлены ў горадзе Полацку 7 верасня 2003 года.

Дзяўчынкі і хлопчыкі пазнаёміліся з самымі цікавымі кнігамі беларускай літаратуры, якія чытаюць іх аднагодкі: «Самы лепшы падарунак» Т. Сівец, «Альма: прыгоды на зямлі і ў космасе» А. Марціновіча, «Прынцэса Алівія і жабіны вочкі» Н. Бучынскай, «Пра барашку Небарашку» Э. Паповай, «Снегавік і Вясна» Г. Аўласенка і інш. Склалі свой хіт-парад кніг, якія б хацелі прапанаваць для чытання сябрам. Успаміналі беларускія прыказкі і прымаўкі, гарталі каляровыя старонкі часопіса «Вясёлка», адказвалі на пытанні віктарыны, перакладалі словы з рускай мовы на беларускую, разгадвалі красворды і матэматычныя загадкі.

Мерапрыемства пакінула ва ўсіх часцінку дабрыні, любові да роднай мовы.

Любіце, шануйце, паважайце нашу любую беларускую мову, размаўляйце на ёй часцей!

Поделиться:

Читайте также: