Знаёмства з бібліятэкай

25 лютага гасцямі нашай бібліятэкі сталі навучэнцы Касцюкоўскай санаторнай школы-інтэрната. Яны прыйшлі на экскурсію, каб бліжэй пазнаёміцца з інфармацыйным патэнцыялам бібліятэкі. Супрацоўнікі аддзела краязнаўства расказалі аб самых цікавых старонках гісторыі нашай установы, пазнаёмілі з вялікай колькасцю бібліятэчна-інфармацыйных паслуг.

Уразіў Музей рэдкай кнігі, з якога пачалася экскурсія. З цікавасцю навучэнцы наведалі ўсе аддзелы абслугоўвання. Кожны аддзел паказаў усё самае цікавае са сваіх фондаў: ад рэтравыданняў да сучасных электронных рэсурсаў.

Затрымаліся ў аддзеле краязнаўства і Літаратурным музеі народных пісьменнікаў БССР, ураджэнцаў Гомельшчыны І. П. Шамякіна, І. П. Мележа, І. Я. Навуменкі, А. Я. Макаёнка. Музейныя эспазіцыі дэманструюць нямала прадметаў, якія належалі выдатным творцам. Удзельнікі экскурсіі мелі ўнікальную магчымасць апынуцца ў атмасферы другой паловы ХХ стагоддзя, убачыць і адчуць тое, што некалі бачылі і адчувалі самі пісьменнікі, нашы знакамітыя землякі, чарговы раз далучыцца да цудоўнай спадчыны творцаў.

Бліжэй пазнаёміўшыся з бібліятэкай, дзеці прыйшлі да высновы: «Чытаць – модна, чытаць – прэстыжна!»

Поделиться:

Читайте также: