Літаратурная гасцёўня з Ганнай Атрошчанка

Прафесійнае свята пісьменнікаў вырашана было адзначаць 3 сакавіка яшчэ ў 1986 годзе падчас Міжнароднага кангрэсу саюза пісьменнікаў.

Мерапрыемства, прысвечанае гэтаму дню, адбылося ў аддзеле абслугоўвання навучэнцаў 1–5 класаў. 3 сакавіка хлопчыкі і дзяўчынкі з дашкольных устаноў горада сталі удзельнікамі літаратурнай гасцёўні з гомельскай пісьменніцай Ганнай Мікалаеўнай Атрошчанка.

Дзеці з задавальненнем знаёміліся з творчасцю паэткі. Выхаванцы ДУА «Санаторны яслі-сад № 153 г. Гомеля» чыталі на памяць такія вершы, як: «У вёсцы», «Сонейка», «Вясеннія матывы», «Вялікая сям’я», «Настя-художница» і іншыя. Дзеткі з ДУА «Яслі-сад № 161 г. Гомеля» падрыхтавалі беларускі танец з ручнікамі і цудоўна праспявалі песню «Дзяўчынка беларусачка». Хлопчыкі і дзяўчынкі з дзіцячага садка № 71 змагаліся ў конкурсе прыказак і прымавак «Мудрыя дарадцы».

Усім да спадобы прыйшлася кніга паэткі «Дома і салома ядома», куды ўвайшлі яе невялічкія казкі і вершы для дзяцей. І гэта не проста казкі! Гэта своеасаблівая мудрасць жыцця для маленькіх чытачоў, бо кожная казка змяшчае прыказкі ці прымаўкі беларускага народа, якія з’яўляюцца спадарожнікамі і мудрымі дарадцамі на працягу жыццёвага шляху.

Ганна Мікалаеўна пазнаёміла дзетак са сваімі новымі вершамі аб прыродзе і порах года. Таксама дзецям былі прадстаўлены і іншыя кнігі аўтаркі: «Усмешка вясны», «Вясёлы калейдаскоп», «Чырвоны Рог» – разнастайныя вершы і карацелькі, яны прыйшліся да спадобы дашкалятам. Усе творы пісьменніцы авеяны пачуццём дабрыні і любові да Айчыны, да усяго жывога на зямлі.

Скажу Вам, людцы, дэталёва,
Каб не забылі маё слова!
Дый палюбілі Родны кут,
Каб добра ўсім жылося тут.
Бо наша светлая зямліца,
Нібы крыштальная крыніца.
Сцвярджалі так дзяды не раз:
Радзіма, маці – лечыць нас.

Сустрэча выклікала зацікаўленасць сярод удзельнікаў, папоўніла слоўнікавы запас дзяцей россыпам беларускіх слоў і вобразаў і яшчэ раз сцвердзіла, што любіць сваю Радзіму і мову можна кожны дзень, нягледзячы на святы. 

Вялікі дзякуй супрацоўнікам ДУА «Санаторны яслі-сад № 153 г. Гомеля» і ДУА «Яслі-сад № 161 г. Гомеля» за якасную падрыхтоўку дзетак да свята.

Поделиться:

Читайте также: