Любі, шануй, ведай роднае слова
21 лютага кожны народ адзначае Дзень роднай мовы, які быў абвешчаны 17 лістапада 1999 года рашэннем ЮНЕСКА з мэтай абароны моўнай і культурнай разнастайнасці, а таксама дзеля захавання моў, якія апынуліся на парозе знікнення.
У гэты дзень аддзел абслугоўвання вучняў 6–9 класаў запрасіў сваіх чытачоў на моўны турнір «Любі, шануй, ведай роднае слова», каб яшчэ раз засяродзіць увагу нас, беларусаў, на родным слове.
Вучні адчувалі сябе вольна і прыемна, калі размаўлялі на роднай беларускай мове і з захапленнем удзельнічалі ў разнастайных конкурсах і гульнях. Асабліва весела прайшлі гульня «Адным словам» і віктарына «Лесвіца».
Своеасаблівым падарункам аматарам чытання на роднай мове стала выстава «Роднай мовы пералівы», дзе былі прадстаўлены лепшыя творы як літаратурных волатаў зямлі беларускай (Я. Коласа, У. Караткевіча, В. Казько і інш.), так і сучасных беларускіх аўтараў (А. Марціновіча, С. Алексіевіч, М. Марчука і інш.).
Моўны турнір праляцеў непрыкметна, але застанецца ў памяці як прыемны напамін аб тым, якая прыгожая і меладычная наша мова – мова, якой можна толькі ганарыцца!







