Ён быў сынам сваёй эпохі
Так называліся чарговыя заняткі ў творчай лабараторыі Літаратурнага музея пісьменнікаў Гомельшчыны. Яны былі прымеркаваны да 95-годдзя з дня нараджэння Івана Якаўлевіча Навуменкі – народнага пісьменніка Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа, прэміі імя Ленінскага камсамола Беларусі, Заслужанага дзеяча навукі Беларусі, акадэміка.
Іван Якаўлевіч Навуменка нарадзіўся 16 лютага 1925 года ў г. Васілевічы Рэчыцкага раёна ў сям’і чыгуначніка. Юнацкія гады пісьменніка прыпалі на ваенны час. У семнаццацігадовым узросце ён уключаецца ў падпольную барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, потым працягвае гэту барацьбу ўжо як сувязны і баец партызанскай брыгады імя П. К. Панамарэнкі. Са снежня 1943 года І. Я. Навуменка знаходзіцца ў радах Савецкай Арміі, удзельнічае ў цяжкіх баях на Карэльскім перашыйку і заканчвае вайну ва Усходняй Прусіі і Сілезіі.
Памяць пра ваеннае ліхалецце пісьменнік пранёс праз усё жыццё. Падзеі вайны, гераічная барацьба супраць нямецкіх захопнікаў ляглі ў аснову многіх яго твораў. І адлюстраваны яны на высокім мастацкім узроўні.
Зборнікі апавяданняў пісьменніка «Семнаццатай вясной», «Хлопцы-равеснікі», аповесць «Вайна каля Цітавай копанкі» сталі яскравай старонкай беларускай літаратуры.
Галоўнае пытанне, на якое шукае адказ у сваіх творах пісьменнік: а ці можа заставацца чалавек чалавекам у жорсткіх і абсурдных абставінах ваеннага кровапраліцця? Яго раманы «Смутак белых начэй», «Сасна пры дарозе», «Вецер у соснах», «Сорак трэці» і сёння служаць высакароднай справе ідэйна-патрыятычнага выхавання маладога пакалення.
Мерапрыемства адкрыў старшыня Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Мікалаевіч Гаўрыловіч. Ён падкрэсліў значную ролю пісьменніка ў станаўленні і развіцці беларускай літаратуры, падзяліўся сваімі ўражаннямі ад сустрэчы з Іванам Якаўлевічам Навуменкам падчас студэнцкіх гадоў.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел навучэнцы СШ № 56 г. Гомеля. Іх увазе была прапанавана літаратурна-музычная кампазіцыя, інтэрактыўныя гульні і віктарыны.







