Знаўцы роднай мовы

Мова родная, мова дзядоў!
 Іншай мовы мы ў сэрцы не чуем.
Мілагучнасцю любых нам слоў,
Быццам музыкай, душы чаруем.
Л. Геніюш

Беларуская мова – гэта вялікі народны скарб. Яшчэ Уладзімір Караткевіч казаў: «Хто забыў сваіх продкаў – сябе губляе, хто забыў сваю мову – усё згубіў». Каб юныя гамяльчане лепш далучаліся да беларускага слова, ў дзіцячых садках, бібліятэках, школах ладкуюцца розныя мерапрыемствы, накіраваныя на выхаванне паважлівага дачынення да роднай мовы.

Напрыканцы апошняй нядзелі загадчыца аддзела абслугоўвання вучняў 1-5 класаў Наталля Нікіціна сумесна з гарадскім вучэбным метадычным кабінетам зладкавалі літаратурную гасцёўню «Знаўцы роднай мовы», якая адбылася у ДУА «Яслі-сад № 161 г. Гомеля». Мерапрыемства прайшло ў рамках правядзення школы для наместнікаў загадчыка ДУА «Малады калега», а таксама для бацькоў, дзеці якіх ходзяць ў гэты садок.

Хлопчыкам і дзяўчынкам, іх бацькам бібліятэкары прапанавалі пазнаёміцца з творчасцю гомяльскай паэткі, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Галіны Рагавой, якая складае не толькі вершы, але і з’яўляецца добрым перакладчыкам. Выхаванцы садзіка вывучылі вершы Галіны Аляксандраўны, карыстаючыся яе кнігай «Час перад святам», і цудоўна іх расказвалі. Пасля гутаркі з паэткай слухачы даведаліся пра яе творчы шлях і новыя творчыя задумкі, паслухалі вершы ў выкананні аўтара. Дзеткі з задавальненнем адгадвалі загадкі, малявалі ілюстрацыі да твораў Галіны Рагавой.

Новыя знаўцы беларускай мовы ўжо падрастаюць, цікавяцца ёю, вывучаюць вершы, танцы, песні,  а значыць – мова нашых продкаў будзе жыць!

Поделиться:

Читайте также: