Святкуем разам з Піпі Доўгаяпанчоха

14 лістапада, у дзень нараджэння пісьменніцы Астрыд Ліндгрэн у бібліятэку завіталі юныя выхаванцы дзіцячага сада № 3 з нарушэннем зроку. Яны прынялі ўдзел у прэзентацыі міжнароднага праекта «Тыдзень літаратуры Паўночных краін», які накіраваны на распаўсюджванне любові да чытання скандынаўскай літаратуры, знаёмства з ёй і яе аўтарамі.

Аддзел абслугоўвання навучэнцаў 1-5 класаў Гомельскай абласной бібліятэкі прымае ўдзел у святочных чытаннях ужо другі раз. На гэты раз тэмай чытання стала «Нардычнае святкаванне» і маленькім прыхільнікам бібліятэкі прапанавалі кнігу пра вясёлую дзяўчынку «Піпі Доўгаяпанчоха» шведскай пісьменніцы Астрыд Ліндгрэн.

Сустракала юных чытальнікаў галоўная гераіня казачнай гісторыі Піпі. У ходзе мерапрыемства хлопчыкі і дзяўчынкі даведаліся пра Паўночныя краіны, вывучылі іх сталіцы, пазнаёміліся са скандынаўскімі аўтарамі, кнігі якіх былі змешчаны на кніжнай выставе. А потым вельмі ўважліва разам з Піпі слухалі пра тое, як святкуе свой дзень нараджэння гата цікаўная дзяўчынка. Пасля чытання, Піпі прапанавала ўсім юным гасцям свае гульні. Па-першае, запрасіла ўсіх да свайго марацкага куфара, дзе было шмат чаго цікаўнага, напрыклад, пісталеты, якія ўсім вельмі спадабаліся. Па-другое, навучыла сяброў карыстацца падзорнай трубой і глядзець у далёкія далі. Потым дзеткі віншавалі Піпілоту, расказвалі ёй вершы і дарылі добрыя словы, а яна частавала выхаванцаў сваім дамашнім печывам.

Напрыканцы сустрэчы ўсе ўдзельнікі мерапрыемства атрымалі салодкія падарункі, бо менавіта так вучыць Піпі разам з цудоўнай дзіцячай пісьменніцай Астрыд Ліндгрэн. Зладкаванае мерапрыемства вельмі спадабалася выхаванцам садка – ўсе яны з задавальненнем фатаграфаваліся з Піпілотай і не хацелі развітвацца з гэтай цудоўнай дзяўчынкай.

Вялікі дзякуй за прапанову і падтрымку ў удзеле міжнароднага праекта «Тыдзень літаратуры Паўночных краін» Цэнтру шведскіх даследаванняў і Пасольству Швецыі ў Мінску.

Поделиться:

Читайте также: