Гучы роднае слова!
Штогод, 21 лютага, увесь свет адзначае Міжнародны дзень роднай мовы, заснаваны ЮНЭСКА ў 1999 годдзе. Як рыба не можа жыць без вады, так і чалавек не можа існаваць без мовы.
Напярэдадні свята для вучняў школы №68 “Атиква” ў рамках праекта “Жывая кніга” адбылася літаратурная гасцёўня з Алай Бяльковай “Гучы роднае слова”.
Дзеці даведаліся аб гісторыі ўзнікнення свята роднай мовы, аб тым, як важна разумець і шанаваць мову дзядоў і прадзедаў, а таксама былі прыемна ўражаны тым, што беларуская мова – самая мілагучная пасля італьянскай і самая старажытная сярод славянскіх.
На свяце выступіла гомельская пісьменніца Ала Бялькова. Яна прапанавала юным чытачам свае вершы на беларускай мове, пазнаёміла з кнігамі “Трепетный рассвет”, “Палітра гуку”, “Сказки и были Белой Феи”. Асаблівую цікавасць удзельнікаў мерапрыемства выклікала кніга “Палітра гуку”, якая ілюстравана цудоўнымі малюнкамі сына паэткі Міхаіла Бялькова. Ала Анатольеўна – выпускніца гомяльскай школы“Малады літаратар”, з’яўляецца кіраўніком літаратурнай гасцінай “31 мерадыян”.
Удзел у свяце прынялі хлопчыкі і дзяўчынкі з ГУО “Яслі – сад№22” і №26, а таксама вучні 4 класа школы “Атиква”. Кузьмянкоў Мікіта выразна прачытаў верш пра Беларусь гомельскай паэткі Г. Атрошчанка. Цудоўна выканала песню “Пра матулю” Козыр Злата з ГУО “Яслі – сад №22”. Удзельнікам мерапрыемства была прапанавана прэзентацыя “Чараўніца краіны Дзяцінства” аб творчасці паэткі. Вучні 4 класса чыталі вершы Алы Бяльковай і задавалі шмат пытанняў.
Дзяўчынкі і хлопчыкі з цікавасцю знаёміліся з навінкамі беларускай літаратуры на выставах: “Гомельскія пісьменнікі – дзецям” і “З любоўю да роднага слова”.