Вяселкавы настрой
«Вясёлка»! Мінавіта так называецца часопіс для дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту. Ён цікавы па зместу, шчодры на казкі, вершы, песні, гульні.
5 лютага вучні чацьвёртага класа СШ№24 вандравалі па старонках часопіса і знаёміліся з яго рубрыкамі. Навучыць любіць сваю Радзіму дапаможа рубрыка “Наша Спадчына”. Менавіта тут можна даведацца пра мінулае нашай краіны, пра вялікіх і славутых людзей, якія самааддана служылі ёй. Пад час сустрэчы хлопчыкі і дзяўчынкі размаўлялі аб скарбах Нясвіжскага замка, паданні пра які можна знайсці на старонках часопіса.
У рубрыцы «Пісьменнікі дзецям» або “Крышку пра кніжку” чытачы мелі магчымасць пазнаёміцца з новымі кніжкамі беларускіх пісьменнікаў, а таксама далучыцца да скарбаў мілагучнай матчынай мовы.
Галоўным рэдактарам зараз працуе вядомы дзіцячы пісьменнік Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі. Юныя чытачы ведаюць, што на старонках часопіса не так даўно друкавалася яго аповесць-казка “Грошык і таямнічы кошык”, якая ўжо паступіла ў аддзел.
Сустрэча была вельмі цікавая, вучні даведаліся, што «Вясёлка» дапаможа ім у вучобе, адкрые дзівосны свет прыроды, навучыць любіць сваю Радзіму.