Літаратурны монаспектакль «Клямка»
27 сакавіка – у Сусветны дзень тэатра быў выкананы літаратурны монаспектакль «Клямка», прысвечаны Году малой радзімы. Яго ініцыяваў аўтар-выканаўца Васіль Ткачоў – вядомы пісьменнік, драматург, тэлевядучы, член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза тэатральных дзеячаў, лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, прэміі Саюза беларускіх журналістаў, міжнароднай прэміі «Дружба» і шмат іншых.
Для аўтара клямка – гэта сімвал малой радзімы, сямейная рэліквія: «За клямку бралася некалі мая мама. Я дакранаюся да клямкі, а мне здаецца – я трымаюся за маміну руку: “Добры дзень, родная!”»
Мы бярэмся за клямку, каб выйсці на двор, на вуліцу, на шырокі жыццёвы прастор. Без клямкі – аніяк. Яна выводзіць нас у свет, яна першай і сустракае цябе, калі ты вяртаешся на родны парог…»
Клямку, якую калісьці краналі матчыны рукі, якую рамантаваў бацька, аўтар зараз браў у рукі і ўспамінаў усё, што з ёй звязана, нават фашысцкую акупацыю. Вядома, з ёй звязаны і працяглы жыццёвы шлях, творчае станаўленне Василя Ткачёва як пісьменніка. Выдадзена ўжо больш за 25 яго кніг.
Сярод іншых клямку краналі і артысты Магілёўскага тэатра, якія выконвалі ролі ў спектаклях паводле п’ес Васіля Ткачова. Сёння ён вядомы драматург, яго п’есы (напісана каля 70) пастаўлены ў тэатрах Гомеля – ў абласным, лялечным, маладзёжным, а таксама – ў тэатрах Магілёва, Мазыра, Брэста. Яго п’есы ідуць і ў тэатрах Расіі, Казахстана, Таджыкістана, Украіны, Эстоніі.
Добрым словам пісьменнік успомніў нават украінцаў з Данбаса, якія прыязджалі да ягоных родзічаў па бульбу і заначавалі ў хаце.
Клямка стала сакральным прадметам-сімвалам, да якога дакраналіся не толькі рукі маці, родзічаў і сяброў, – а таксама знаёмых і малавядомых асоб, якіх шырокі жыццёвы прастор далучаў менавіта да гэтага дому.
У спектаклі прагучалі падабраныя самім аўтарам дарагія яго сэрцу песні савецкай пары.
Успаміны пісьменніка зрабілі каляровымі яго шчырыя пачуцці і бліскучыя жарты – раз-пораз зала апладзіравала, добрыя ўсмешкі свяціліся на тварах гледачоў.
Увесь монаспектакль працяты тугой па малой радзіме. І разам з аўтарам кожны адчуў: няма на свеце раднёй і прыгажэй, чым тыя месцы, дзе ты на свет з’явіўся. І няма людзей бліжэй і даражэй, чым бацькі, дзядулі і бабулі, землякі.
Дырэктар бібліятэкі Марына Сяргееўна Рафеева сардэчна падзякавала Васіля Юр’евіча за ўнікальны аўтарскі тэатральны праект, прасякнуты любоўю да малой радзімы.