Адкрыццё мемарыяльнай залы

28 лютага адбылася цырымонія адкрыцця мемарыяльнай залы народнага пісьменніка Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа і Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы, драматурга Андрэя Ягоравіча Макаёнка.

Макаёнак – цэлая эпоха ў беларускай драматургii. Мастак яркага, непаўторнага таленту, ён творча развіў многія жанравыя традыцыі беларускай драматургіі, узняў узровень айчыннай камедыяграфіі да лепшых сусветных узораў. Яго п’есы – сапраўдная айчынная класiка, наша бясспрэчнае багацце. На працягу двух дзясяткаў гадоў яго п’есы ставiлi трыста тэатраў Савецкага Саюза i амаль усе вядучыя тэатры краiн Усходняй Еўропы. Аб яго папулярнасці сведчыць той факт, што толькі «Зацюканы апостал» быў у рэпертуары Маскоўскага тэатра сатыры больш за 15 гадоў, за гэты час было прадстаўлена 600 спектакляў.

Пісьменнік нарадзіўся ў вёсцы Борхаў Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і. У час Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у баях на Крымскім фронце. Быў цяжка паранены. 

Друкавацца пачаў з 1946 года. Аўтар п’ес «Каб людзі не журыліся», «Выбачайце калі ласка», «Лявоніха на арбіце», «Зацюканы апостал», «Трыбунал» і многіх іншых.

Шмат гадоў прайшло з таго часу, як яго не стала. Тым не менш, ён па-ранейшаму жыве. Жыве ў літаратуры. У тэатры. У нацыянальнай культуры. У нашых сэрцах. Жыве таму, што Макаёнак – гэта з’ява. З’ява не толькі ў жыцці нашай краіны, але і ўсяго свету.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел дырэктар Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя У.І. Леніна Марына Сяргееўна Рафеева, загадчык кафедры беларускай літаратуры Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны, прафесар Іван Фёдаравіч Штэйнер, загадчык аддзела культурна-асветніцкай работы Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама Сафрановіч Наталля Дзмітрыеўна, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат Нацыянальнай прэміі па літаратуры ў галіне драматургіі Васіль Юр’евіч Ткачоў, студэнт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны Антон Кавалёў.

 

Поделиться:

Читайте также: