Сустрэча з беларускiм паэтам Алесем Разанавым

На заінелым трамвайным акне
хтось напісаў:
«Я кахаю».
Усе пазіраюць на свет
праз гэтыя словы…

5 кастрычнiка ў актавай зале бiблiятэкi адбылася сустрэча з беларускiм паэтам, перакладчыкам, эсэiстам Алесем Разанавым.

Творы Разанава перакладзены больш чым на 50 моў свету, асобнымi выданнямi выйшлi кнiгi ў Грузii, Германii, Балгарыi, Польшчы. Ен перакладае з літоўскай, латышскай, грузінскай, балгарскай, сербскай, чэшскага, ангельскай і нямецкай моў.

Член Саюза пiсьменнiкау СССР (1972) i лаўрэат Дзяржаўнай прэмii Беларусi iмя Янкi Купалы (1990), Алесь Разанаў атрымаў шэраг еўрапейскіх прэмій і стыпендый, у тым ліку Літаратурную Прэмію Іагана Готфрыда Гердэра ў 2003 годзе.

Госцi вечара пазнаемiлiся з новай кнiгай паэта «Францыск Скарына. Маем найбольшае самi», у якой паэт-фiлосаф Алесь Разанаў асэнсаваў фiлосафа-Скарыну i пераказаў у паэтычнай форме яго прадмовы i пасляслоўi.

У свой час менавіта Алесь Разанаў быў сярод ініцыятараў нараджэння паэтычнай кнігі «Францыск Скарына на мовах народаў свету». Паэт узнавіў шэраг твораў старажытнай беларускай літаратуры: Кірылы Тураўскага, Францыска Скарыны, Сымона Буднага, Усяслава Чарадзея, Льва Сапегі і іншых.

Прысутныя на сустрэчы з класiкам беларускага верлiбра, словатворцам у паэзii, пачулi версэты, квантэмы, вершаказы, зномы, пункціры i, нарэшце, wortdichte  –  жанр, распрацаваны Алесем Разанавым і падобны да беларускіх вершаказаў (паэтычных па змесце і празаічных па форме твораў).

Усе, хто прыйшоў у гэты дзень у бiблiятэку, адкрылi для сябе глыбокi, мудры свет разанаваўскага светапогляду. Паэт не раз казаў: «У мове прысутнiчае нешта, зразумелае без вымаўлення». Акрамя агульнага рытму-памеру, у вершы існуюць і надаюць яму асаблівы від мiкрарытмы  –  галасы слоў, якія яго «засяляюць».

Менавiта таму для Разанава легка пiсаць на нямецкай мове, а замежным слухачам нават быў не патрэбны пераклад яго беларускамоўных вершаў.

Перакладаю шэпт дажджу,
пагляд вачэй,
трымценне гаю…
Кранаю,
слухаю,
гляджу,
я не пішу – перакладаю…

Вечар атрымаўся па-сапраўднаму паэтычна-цёплым. Алесь Сцяпанавiч па-разанаўскi нечакана і нетрывіяльна адказваў на пытаннi, чытаў свае вершы, разважаў. Аўтограф паэта застаўся і ў нашай бібліятэцы, на яго кнігах у аддзеле літаратуры на замежных мовах: «Hannoverische Punktierungen», Auf diese Verden», «Von nah und fern».

 

Поделиться:

Читайте также: