Вечар памяці ахвяр палітычных рэпрэсій

Вось ужо трэці год 31 кастрычніка па ініцыятыве Царкоўна-гістарычнай камісіі Гомельскай епархіі ў Гомельскай абласной бібліятэцы адбываецца вечар памяці ахвяр палітычных рэпрэсій.

Для Гомеля гэтая дата набывае асаблівую значнасць яшчэ і таму, што ў ноч з 31 кастрычніка на 1 лістапада 1937 года ў лесе, на ўскраіне Нова-Беліцы, былі расстраляныя болей за 50 свяшчэннаслужыцеляў і міран Рускай Праваслаўнай Царквы, чыё месца пахавання дагэтуль невядомае. У гэты ж час адбыліся падобныя злачынныя расстрэлы соцень хрысціян па такіх жа ўзлесках побач з многімі беларускімі гарадамі і мястэчкамі. Цяпер апошняя нядзеля кастрычніка ўнесеная ў каляндар Беларускай Праваслаўнай Царквы як Дзень памяці новапакутнікаў беларускіх. Разам з ушанаваннем іх памяці будзем узгадваць імёны тых, хто сваім жыццём сведчыў і працягвае сведчыць аб велічнасці чалавека і нязломнасці яго духа.

Вечар пачаўся з хрысціянскай духоўнай канты, якую выканаў дзіцячы спеўны калектыў школы № 30 «Святы Пакроў» пад кіраўніцтвам Драмук В.А.

На вечары памяці адбылася размова з аўтарам кнігі «ХХ век, или Отторжение» Яўгенам Акімавічам Ткачом, які пражыў ўсё сваё дзяцінства, маладосць і сталае жыццё з кляймом сына ворага народа, быў вымушаны вандраваць па ссылках услед за сваім рэпрэсаваным бацькам і цвёрда ўсвядоміў прынцыпы годнасці, якія не даюць асобе апусціцца да канфармізма і падхалімства, да згодніцтва з рэпрэсіўнай сістэмай. Аўтар шчодра раздаваў прысутным аўтабіяграфічную кнігу, якая з’яўляецца сапраўдным дакументам часу, і, апроч філасофскіх развагаў, гістарычнага аналіза  і агромністай колькасьці імёнаў і фактаў, змяшчае вельмі шмат фактурных звестак па жыцці Гомеля і яго наваколля, што будзе цікава мясцовым краязнаўцам.

Сябра царкоўна-гістарычнай камісіі Вольга Афанасьева распавяла аб знаёмстве з цудоўным чалавекам – дачкой рэпрэсіраванага беларускага паэта Тодара Кляшторнага (1903-1937) Маяй Тодараўнай Кляшторнай. Яна – адна з нямногіх зняволеных дзетак, якія выжылі ў нечалавечых умовах казахстанскіх лагераў, стаяла ля вытокаў «Мартыралога Беларусі» і дагэтуль з’яўляецца навуковым кіраўніком мемарыяльнага помніка «Курапаты». У інтэрв’ю, якое дала сябрам Царкоўна-гістарычнай камісіі Майя Тодараўна, маючы амаль восемдзесят гадоў, дае прыклад моладзі ў тым, як трэба цвёрда і разам з тым сардэчна трымаць у памяці сваіх родных блізкіх дарагіх людзей і не аддаваць іх апошняму ворагу чалавечнасці – занядбанню. Прысутныя ўбачылі урыўкі з фільма расейскага рэжысёра-дакументаліста Дар’і Віолінай «Дольше жизни», прысвечанага лёсу дзяцей ворагаў народа, якія знявольваліся у Акмолінскім лагеры і неслі адказнасць за сваіх расстраляных бацькоў.

Настаяцель прыхода будучага храма ў імя святога новапакутніка Аляксія Лельчыцкага, сябра Царкоўна-гістарычнай камісіі а. Аляксандр Лапушанскі падзяліўся адкрыццямі апошняга дня – знаходкай перапіскі аднаго з апошніх настаяцеляў св. Мікольскага (Палескага) храма, расстралянага ў тую «крывавую» ноч 1937 года, айца Пятра Рылло.

Здаецца, пакутнікі не парываюць з намі сваю сувязь, гэтак уладкоўваючы абставіны нашага жыцця, каб яны максімальна садзейнічалі ўшанаванню памяці ўсіх бязвінна загінуўшых. Андрэй Скідан. 

rep_1 rep_2

rep_3 
 

rep_4

Поделиться:

Читайте также: